ВАСІ́ЛЬЕВЫ (цёзкі па прозвішчы; псеўд.браты Васільевы),
рускія кінарэжысёры і сцэнарысты.
Георгій Мікалаевіч (25.11.1899, г. Волагда, Расія — 18.6.1946), засл. дз. маст. Расіі (1940). Вучыўся ў маскоўскай тэатр. студыі «Маладыя майстры». Сяргей Дзмітрыевіч (4.11.1900, Масква — 16.12.1959), нар.арт.СССР (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т экраннага мастацтва (1924). Пачалі працаваць у кіно ў 1924. Вучні С.М.Эйзенштэйна. Першая іх сумесная рэжысёрская работа — дакумент. фільм «Подзвіг у льдах». Пад агульным псеўданімам упершыню выступілі ў 1930 (фільм «Спячая прыгажуня»). Сумесна знялі фільмы: «Чапаеў» (1934, Дзярж прэмія СССР 1941), «Валачаеўскія дні» (1937), «Абарона Царыцына» (1942, 1-я серыя, Дзярж прэмія СССР 1942), «Фронт» (1943). Аўтары сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў. У 1955 Сяргей Васільеў паставіў фільм «Героі Шыпкі» (з балг. кінематаграфістамі).
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Аляксандр Карпавіч) (12.9.1904, г. Рэчыца — 23.4.1956),
поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1942. Камандзір сапёрнага аддзялення ст. сяржант Васільеў вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: з групай сапёраў размініраваў 2 мінныя палі, зняў 75 мін; пад агнём праціўніка пераправіў на лодцы цераз Одэр 250 пехацінцаў; у баях за расшырэнне плацдарма зрабіў 5 праходаў у мінных палях, зняў 65 мін.
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Барыс Львовіч) (н. 21.5.1925, г. Смаленск),
рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Ваен. акадэмію бранятанкавых войск (1948). Вядомасць прынесла аповесць «А досвіткі тут ціхія...» (1969; аднайм. фільм, 1972; Дзярж. прэмія СССР 1975; бел.пер. Ю.Гаўрука; інсцэніроўка Бел.т-ра Я.Коласа 1971 і інш.), у якой адзін з трагічных эпізодаў Вял.Айч. вайны ўзняў да значнага філас.-маст. абагульнення. Працяг ваен. тэматыкі ў аповесцях «Іванаў катэр», «Самы апошні дзень» (абедзве 1970), «Сустрэчны бой» (1979) і інш., у рамане «У спісах не лічыўся» (1974). Сац.-маральная праблематыка ў раманах «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1973), «І быў вечар, і была раніца», «Вам прывітанне ад бабы Леры» (абодва 1989), аповесцях «Незгасальная купінá» (1986), «Жыла-была Клавачка», «Кароткая ракіроўка», «Гібель багінь» (усе 1989) і інш.Гіст. раман «Былі і небыліцы» (кн. 1—2, 1977—80) прысвечаны падзеям руска-турэцкай вайны 1877—78. Аўтар біягр. аповесці «Лятуць мае коні» (1982), п’ес «Афіцэр» (1955), «Стукайце і адчыніцца» (1959), апавяданняў, кінасцэнарыяў.
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Вячаслававіч) (н. 2.12.1954, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1982), Беларускую АМ (1992). Выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. У пач. творчасці ў традыц. формах мастацтва імкнуўся знайсці жывапісную гармонію. З 1990 займаецца пластычнымі, колеравымі, канцэптуальнымі пошукамі. За працу «Адбіткі на асфальце» (1991) «Гран-пры» I Міжнар. пленэру «Малевіч. Уновіс. Сучаснасць» (Віцебск, 1994).
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Іванавіч) (н. 1.6.1927, в. Тушавая Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Віленскі маст.ін-т (1952). З 1960 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах пейзажа і партрэта. У пейзажах багатая вобразнасць спалучаецца з майстэрствам абагульнення: «Веснавое ворыва» (1967), «Восеньскі матыў» (1973), «Восень на Вячы» (1975), «Браслаўшчына» (1976), «Лён» (1977), «Вечар» (1981), «Зноў прыйшла вясна» і «Лён сцелюць» (1982), «Месячная ноч ля возера» (1983), «Парыў ветру» (1994), «Белавежская пушча» (1996) і інш.
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Паўлавіч) (4.3.1818, Ніжні Ноўгарад — 10.5.1900),
рускі вучоны-кітаязнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Праф. Казанскага (з 1851) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1837). У 1840—50 у рус. духоўнай місіі ў Пекіне, вывучаў санскрыт, кіт., манг., тыбецкую і маньчжурскую мовы. Навук. працы па рэлігіі Усходу, гісторыі, геаграфіі, л-ры Кітая (першы з еўрапейцаў даследаваў фанетыку, марфалогію і пісьмо Кітая). Гал. працы: «Будызм, яго догматы, гісторыя і літаратура» (ч. 1, 3, 1857—69), «Аналіз кітайскіх іерогліфаў» (ч. 1—2, 1866—84) і інш.
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.9.1942, г. Майкоп, Адыгея — 29.10.1976),
рускі жывапісец. Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1961). У 1960-я г. працаваў у сюррэаліст. ключы («Струна», «Апостал», «Атамны выбух»). Вядомасць прынеслі работы ў рэаліст. манеры («Рускі віцязь», «Ілья Мурамец вызваляе вязняў», «Плач Яраслаўны», «Аўдоцця-разаначка», «Гусі-лебедзі», «Паўночны арол», «Туга па Радзіме», «Развітанне славянкі», «Нашэсце», «Парад 41-га», партрэт Маршала Сав. Саюза Г.К.Жукава, серыя «Вялікія жанчыны Расіі», усе 1970-я г.).
Літ.:
Доронин А. Художник Константин Васильев: Рассказ о творчестве. М., 1985.
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Леанард Леанідавіч) (н. 3.1.1937, г. Сімферопаль, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-ртэхн.н. (1972), праф. (1978). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1959). З 1960 у Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Навук. працы па цеплафізічных уласцівасцях матэрыялаў, пытаннях энергазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Распрацаваў новыя віды цеплаабменнікаў, халадзільных установак, цеплавых помпаў на цвёрдых сарбентах. Дзярж. прэмія Беларусі 1981.
Тв.:
Теплообменники на тепловых трубах. Мн., 1981;
Гидродинамика и теплообмен в пористых элементах конструкций летательных аппаратов. М., 1988 (разам з У.М.Паляевым, В.А.Маёравым).
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Павел Мікалаевіч) (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),
рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Рыгор Арцёмавіч) (5.12.1885, г. Жлобін — 23.12.1976),
удзельнік рэв. руху, гасп. дзеяч. Вёў рэв. прапаганду сярод салдат, адзін са стваральнікаў рэв.ваен. саюза ў Верхняудзінску (Улан-Удэ). У 1906 і 1907 арыштаваны; на 3 гады зняволены ў Акатуйскую турму, з 1911 у ссылцы ў Якуцку. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на гасп. рабоце ў Гомелі. У грамадз. вайну на Зах. фронце. З 1922 камісар, упаўнаважаны Упраўлення Бел. чыгункі, кіраўнік па забеспячэнні буд-вачыг. магістралі Турксіб. З 1935 у ін-це Транстэхпраект Мін-ва шляхоў зносін. Аўтар успамінаў «З рэвалюцыйнага мінулага» (2-е выд. Улан-Удэ, 1968).