Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЙШКУНЫ́,

курганны могільнік балтаў 9—11 ст. на ПнУ ад в. Вайшкуны Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. 9 курганоў у 1975 даследаваў Я.Г.Звяруга. Пахавальны абрад — трупаспаленне на гарызонце ці ў насыпе. Выяўлены рэшткі вогнішчаў. Сярод знаходак жал. сякеры, наканечнікі кап’я, шыла, шпількі, бронзавыя званочкі, фрагменты шыйных грыўняў, бранзалетаў, гліняныя прасліцы, кераміка.

т. 3, с. 462

ВАЙШНО́РАС

(Vajsnoras) Феліксас (18.5.1897, в. Пілвішкіс Вілкавішкскага р-на, Літва — 21.8.1972),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Літвы (1965). Скончыў Камуністычны ун-т нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1925). З 1930 у Мінску — супрацоўнік, у 1934—37 — рэдактар газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1937 рэпрэсіраваны (рэабілітаваны ў 1956). З 1945 у Вільнюсе. Аўтар зб-ка вершаў «Пад сцягам працы і барацьбы» (1934, на літоўскай мове), кнігі мемуараў «Да светлага жыцця» (1960). На літ. мову пераклаў (пад псеўд. Ф.Садайніс) паэму Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1935), асобныя творы П.Броўкі, Я.Коласа, Т.Кляшторнага, І.Харыка і інш. А.І.Мальдзіс.

т. 3, с. 462

ВА́ЙШЫІ

(санскр.),

члены адной з 4 варнаў (саслоўяў) у Стараж. Індыі. У дакласавы перыяд да вайшаў адносілі паўнапраўных сапляменнікаў (побач з кшатрыямі і брахманамі). У класавым грамадстве вайшамі наз. свабодныя паўнапраўныя абшчыннікі, земляробы, жывёлаводы, пазней некаторыя рамеснікі і гандляры. У сярэднія вякі вайшамі называлі пераважна гандляроў.

т. 3, с. 462