БРАЗІ́ЛЬЦЫ,
нацыя, асн. насельніцтва Бразіліі. 137,18 млн. чал. (1987), у т. л. каля 136,77 млн. чал. у Бразіліі. Каля 40% — негры, мулаты, метысы. Гавораць на партугальскай мове. Паводле рэлігіі пераважна католікі.
т. 3, с. 237
БРАІЛО́ЎСКІ Уладзімір Веньямінавіч
(н. 4.1.1947, Масква),
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1980 на Беларусі. З 1984 заг. муз. часткі Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1990 дырэктар і маст. кіраўнік Магілёўскай абл. філармоніі; арганізатар (1995) Міжнар. фестывалю «Залаты шлягер». Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: кантата (1983), вак.-сімф. паэма «Дваццаць восем» (1983); сімфонія (1984), сімфаньета, З сімф. уверцюры, фантазія для кларнета з сімф. арк.; сюіта для скрыпкі і фп.; канцэрт для валторны з арк.; 12 прэлюдый для фп. (1984); накцюрны, вак. цыклы, інстр. п’есы; папуры і фантазіі; апрацоўкі нар. песень; песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
т. 3, с. 237
БРАЙЛЬ,
Брай (Braille) Луі (4.1.1809, Куўрэ, каля Парыжа — 6.1.1852), французскі тыфлапедагог. Аслеп у 3-гадовым узросце. Выхоўваўся ў Парыжскім ін-це для сляпых, дзе і быў з 1828 настаўнікам. У 1829 распрацаваў рэльефнакропкавы шрыфт для пісьма і чытання сляпых (Брайля пісьмо). У 1838 выдаў падручнік арыфметыкі для сляпых. Быў таксама таленавітым музыкантам, выкладаў музыку сляпым.
т. 3, с. 237
БРА́ЙЛЯ ПІСЬМО́,
пісьмо для сляпых, заснаванае на рэльефна-кропкавым шрыфце. Распрацаваў франц. тыфлапедагог Л.Брайль. У аснове Брайля пісьма ляжыць шрыфт Лана, складзены яшчэ ў сярэднія вякі на падставе 12 кропак. Брайль спрасціў гэтую сістэму, заснаваў свой шрыфт на камбінацыі 6 выпуклых кропак (для лічбаў — да 8). Брайля пісьмо дае магчымасць не толькі абазначаць літары, лічбы, знакі прыпынку, але і матэм., хім. і нават нотныя знакі. Першая кніга, надрукаваная Брайля піьмом, — «Гісторыя Францыі» (1837). Брайля пісьмы прыняты ва ўсіх краінах свету.
А.А.Кожынава.
т. 3, с. 237
БРА́ЙТАН
(Brighton),
горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва Ла-Манш. Засн. ў 1750. З 1782 тут была рэзідэнцыя прынца Уэльскага, пазней караля Георга IV. 143 тыс. ж. (1989). Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), харч., мэблевая, паліграф., швейная, фармацэўтычная. Ун-т. Прыморскі кліматычны курорт. Мяккі, умерана вільготны клімат спрыяльны для лячэння органаў дыхання, руху і апоры, расстройстваў нерв. сістэмы. Шматлікія санаторыі, атэлі, вілы, палацы. Арх. помнікі 18 — пач. 19 ст., у т. л. Каралеўскі павільён (1811).
т. 3, с. 237
БРА́ЙЦАЎ Васіль Раманавіч
(10.3.1878, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.7.1964),
савецкі хірург. Брат І.Р.Брайцава і Я.Брайцава. Акад. АМН СССР (1945). Засл. дз. нав. РСФСР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). У 1911—13 земскі ўрач у Пінску. З 1919 у Вышэйшай мед. школе, Цэнтр. клінічнай бальніцы імя М.А.Сямашкі, з 1937 адначасова ў Цэнтр. ін-це ўдасканалення ўрачоў у Маскве. Навук. працы па праблемах раку прамой кішкі, лячэнні язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пластыцы стрававода, метадах лячэння раненняў крывяносных сасудаў і перыферычных нерв. ствалоў. Ганаровы чл. Хірург. т-ва Беларусі.
Тв.:
Острый аппендицит. М., 1946;
Заболевания прямой кишки. М., 1952;
Врожденные (дизонтогенетические) образования средостения и лёгких. М., 1960.
т. 3, с. 238
БРА́ЙЦАЎ Іван Раманавіч
(27.1.1870, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.1.1947),
рускі і бел. матэматык. Праф. (1924). Д-р фіз.-матэм. н. (1935). Брат Я.Брайцава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896), працаваў у ім. З 1900 у Варшаўскім, з 1916 у Ніжагародскім політэхн. ін-тах, з 1918 у Ніжагародскім ун-це. Адзін з арганізатараў БДУ, складальнік праекта вучэбнага плана для фіз.-матэм. ф-та (1921). Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і функцыянальных ураўненняў.
Тв.:
Изыскание особых точек функции, определяемой рядом Тейлора. М., 1907;
Аб адным спосабе прадстаўлення функцыі, дэфініраванай радам Дырыхле // 36. прац Фізікаматэм. ін-та БАН. Мн., 1935. Т. 2.
А.А.Гусак.
т. 3, с. 238
БРА́ЙЦАЎ Якуб
(Якаў Раманавіч; 19.2.1861, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.3.1931),
рускі пісьменнік. Скончыў Клімавіцкае пав. вучылішча. З 2-й пал. 1880-х г. у Маскве. З 1900 на радзіме. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. У аповесці «Няўдашачка Анюта» (нап. 1887) непрыняцце бездухоўнасці існуючага ладу. Пра побыт, працэсы сац. расслаення ў бел. вёсцы канца 19 ст. аповесць «Багацеі» (1889). Раман «Сярод балотаў і лясоў» (нап. 1913—16) пра 1905, дзейнасць атрада рэвалюцыянера-экспрапрыятара А.Савіцкага. Аўтар камедыі «Цыганова бяда» (нап. 1905). Рукапісы Брайцава ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.
Тв.:
Бел. пер. — Дудалёва лаза // Беларусь. 1966. № 9.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 238
БРАК
(Braque) Жорж (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),
французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.
т. 3, с. 238