Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЛАСТАМАГЕ́НЫ,

тое, што канцэрагены.

т. 3, с. 188

БЛАСТАМІКО́ЗЫ

(ад бласта... + мікозы),

група хранічных, некантагіёзных мікозаў, якія пашкоджваюць скуру, лёгкія і інш. ўнутр. органы чалавека і некаторых жывёл (сабак, радзей коней). Распаўсюджаны ў ЗША, Канадзе, адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў інш. краінах. Адрозніваюць: паўночна-амерыканскі (хвароба Гілкрыста), еўрапейскі (крыптакакоз), паўднёваамерыканскі (паракакцыдыяідоз), келоідны (хвароба Лабо) бластамікоз. Узбуджальнік бластамікозу — дражджавыя і дрожджападобныя паразітычныя грыбкі (Blatomyces dermatitidis і інш.), якія размнажаюцца пачкаваннем. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні спораў грыбка з пылам. Першасны ачаг Лакалізуецца ў лёгкіх, потым пашкоджваецца скура. Пры лакалізаваных пашкоджаннях прагноз спрыяльны, пры пашкоджаннях унутр. органаў — высокая смяротнасць.

т. 3, с. 188

БЛАСТАЦЫ́СТА

(ад бласта... + грэч. kystis пузыр),

бластадэрмічны пузырок, стадыя развіцця зародка млекакормячых жывёл і чалавека ў выніку драблення аплодненага яйца. Бластацыста — пузырок, запоўнены вадкасцю. Вонкава нагадвае бластулу млекакормячых, але адрозніваецца ад яе дыферэнцыроўкай груп клетак на трафабласт і эмбрыяпласт (зародкавы вузельчык). З зародкавага вузельчыка ўтвараюцца зародкавыя лісткі (эктадэрма, эндадэрма і мезадэрма), якія фарміруюць цела зародка. На стадыі бластацысты зародак перамяшчаецца па яйцаводзе ў поласць маткі, абалонка яйца разрываецца, што стварае ўмовы для імплантацыі.

т. 3, с. 188

БЛАСТАЦЭ́ЛЬ,

гл. ў арт. Бластула.

т. 3, с. 188

БЛАСТО́МА,

тое, што пухліна.

т. 3, с. 188

БЛА́СТУЛА

(ад грэч. blastos зародак),

заключная стадыя драблення яйца, што завяршае цытатыпічны перыяд развіцця і прыводзіць да ўтварэння шматклетачнага аднаслойнага зародка. У сярэдзіне бластулы знаходзіцца бластацэль (поласць драблення, першасная поласць цела). Тып бластулы залежыць ад тыпу яйцаклеткі і спосабу драблення. Пры поўным раўнамерным драбленні яйца ьластула мае форму пустога шара, абалонка якога складаецца з аднаго слоя клетак; пры частковым нераўнамерным драбленні ўтвараецца дыскабластула, пры спіральным бластула не мае поласці (стэрабластула). У млекакормячых і чалавека драбленне яйца завяршаецца ўзнікненнем бластацысты. Развіваючыся, бластула ператвараецца ў гаструлу.

т. 3, с. 188

БЛАТУ́Н Сымон Ціханавіч

(10.5.1937,в. Кавака Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 3.4.1970),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1959). Працаваў журналістам. Друкаваўся з 1956. Аўтар зб-каў вершаў «Раўнавага» (1968), «Радаслоўнае дрэва» (1970), паэмы «Барвянае ляда» (1970), прысвечанай памяці ахвяр Хатыні. Рамантычная ўзнёсласць, шчырасць, задушэўнасць, аптыміст. роздум пра месца чалавека ў жыцці — асн. рысы паэзіі Блатуна. Гумарэскі, сатыр. мініяцюры склалі зб. «Калючая шаткаванка» (1971).

Тв.:

Чысціня: Лірыка;

Гумар;

Пераклады. Мн., 1979.

Літ.:

Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978. С. 146—148;

Макарэвіч В. Трывалае карэнне // Полымя. 1980. № 10.

т. 3, с. 188

БЛА́ЎМАН

(Blaumanis) Рудольф Мацісавіч (1.1.1863, пас. Эрглі Мадонскага р-на, Латвія — 4.9.1908),

латышскі пісьменнік. Скончыў Рыжскую гандл. школу (1881). Друкаваўся з 1882. Тонкі бытапісальнік лат. вёскі, псіхолаг, майстар стылю і кампазіцыі. Узнімаў сац.-псіхал. праблемы, характары раскрываў праз складаныя духоўныя перажыванні. Аўтар навел і апавяданняў «Пустазелле» (1887), «У Спіенах» (1888), «Раўдупіетэ» (1889), «Веснавыя замаразкі» (1898), «Андрыксон» і «У цені смерці» (1899), драм «Злы дух» (1891), «Блудны сын» (1893), «Індраны» (1904), «У агні» (1905), камедый «Грахі Трыны» (1891), «Дні краўцоў у Сілмачах» (1902) і інш. Вядомы і як паэт-лірык, сатырык і гумарыст. На бел. мову творы Блаўмана перакладала Х.Лялько.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—8.Riga, 1958—60;

Бел. пер. — у кн.: Песня Даўгавы. Мн, 1986;

Рус. пер. — Танец втроем: Рассказы. Рига, 1988.

Э.Кнопэ.

т. 3, с. 188

Блаха Джон Элмер

т. 18, кн. 1, с. 352

БЛАХІ́Н Аляксандр Паўлавіч

(н. 1.8.1951, г. Бабруйск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ. У 1975—91 у Ін-це фізікі, з 1992 вучоны сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, з 1995 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Прадказаў існаванне і распрацаваў тэорыю палярызаванай люмінесцэнцыі шмататамных малекул у газавай фазе.

Тв.:

Ориентационная корреляционная функция классического ансамбля свободных асимметричных волчков // Доклады АН БССР, 1979. Т. 23, № 11;

Поляризация флуоресценции свободных многоатомных молекул (разам з В.А.Таўкачовым) // Оптика и спектроскопия, 1981. Т. 51, вып. 2.

т. 3, с. 189