БЛАСТАМІКО́ЗЫ
(ад бласта... + мікозы),
група хранічных, некантагіёзных мікозаў, якія пашкоджваюць скуру, лёгкія і інш. ўнутр. органы чалавека і некаторых жывёл (сабак, радзей коней). Распаўсюджаны ў ЗША, Канадзе, адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў інш. краінах. Адрозніваюць: паўночна-амерыканскі (хвароба Гілкрыста), еўрапейскі (крыптакакоз), паўднёваамерыканскі (паракакцыдыяідоз), келоідны (хвароба Лабо) бластамікоз. Узбуджальнік бластамікозу — дражджавыя і дрожджападобныя паразітычныя грыбкі (Blatomyces dermatitidis і інш.), якія размнажаюцца пачкаваннем. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні спораў грыбка з пылам. Першасны ачаг Лакалізуецца ў лёгкіх, потым пашкоджваецца скура. Пры лакалізаваных пашкоджаннях прагноз спрыяльны, пры пашкоджаннях унутр. органаў — высокая смяротнасць.
т. 3, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)