БЛАВА́ЦКАЯ Алена Пятроўна
(псеўд. Рада-Бай; 30.8.1831, г. Днепрапятроўск, Украіна — 8.5.1891),
пісьменніца, заснавальніца тэасофіі. Шмат вандравала па краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі. У 1873 прыняла грамадзянства ЗША. У 1875 стварыла ў Нью-Йорку тэасофскае т-ва, праграма якога ўключала арганізацыю агульначалавечага брацтва без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі, вывучэнне таямнічых невытлумачальных з’яў прыроды і развіццё звышадчувальнасці ў чалавеку. Выдавала газ. «The theosophist» («Тэасафіст», Індыя), час. «La revue théosophique» («Тэасафічны агляд») і «Lotus bleu» («Блакітны лотас»), абодва ў Парыжы, «Lucifer» («Люцыфер», Лондан). У цэнтры вучэння Блавацкай ляжыць ідэя пра існаванне эзатэрычных ведаў, якія складаюць адзіную патаемную сутнасць усіх язычніцкіх культаў, сусв. рэлігій і найб. глыбокіх філас. сістэм. Гэтыя веды, на яе думку, маюць універсальна-касм. характар, усебакова раскрываюць духоўную сутнасць і прызначэнне чалавека, тлумачаць логіку і змест існавання чалавечай цывілізацыі. Яны зашыфраваны ў міфалагічных сімвалах і сюжэтах, ант. містэрыях, акультных тэкстах. Блавацкая — аўтар манаграфій «Сакрэтная дактрына», (1888), «Ключ да тэасофіі» (1889) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Тайная доктрина: Синтез науки, религии и философии. Т. 1—2, [кн. 1—4]. Мн., 1993—94;
Теософский словарь. М., 1994.
т. 3, с. 183
БЛАГАВЕ́ШЧАНСК,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Амурскай вобл. Засн. ў 1856. 215,7 тыс. чал. (1994). Порт на р. Амур пры ўпадзенні р. Зея. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Машынабудаванне (суднабудаванне і суднарамонт; абсталяванне для гарнаруднай і золатаздабыўной прам-сці; элеватарнае і млынавае абсталяванне, алектрапрылады і інш.), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (запалкі, мэбля і інш.), лёгкая (швейная, бавоўнапрадзільная), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ВНУ. Драм. т-р. Краязнаўчы музей.
т. 3, с. 183
БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ Аляксей Сяргеевіч
(18.10.1909, г. Брэст — 25.5.1994),
савецкі ваенны дзеяч. Герой Сав. Саюза (1938), ген.-лейт. авіяцыі (1943). Скончыў Курскі прамысл.-эканам. тэхнікум, Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу ВПС (1928), Барысаглебскую школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі Генштаба (1939). У Сав. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. барацьбы Кітая супраць японскіх захопнікаў у 1937, у час якой камандаваў авіяц. групай знішчальнікаў, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Далёкаўсх., Ленінградскім, Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім, 1-м Укр., 3-м Бел. франтах: камандзір знішчальнага авіякорпуса. Удзельнічаў у вызваленні Оршы, Віцебска, Мінска, Маладзечна, Ліды. Да 1960 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 183
БЛА́ГАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Чавускім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на З ад Чавусаў, 36 км ад Магілёва, 13 км ад чыг. ст. Чавусы. 430 ж., 165 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 3, с. 183
БЛАГАДА́РНЫ Уладзімір Маркавіч
(н. 26.4.1937, в. Стараверава Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі тэкстыльны ін-т (1960). З 1962 — у Ін-це машыназнаўства АН Беларусі, з 1969 у Магілёўскім машынабуд. ін-це. Навук. працы па надзейнасці мех. сістэм лятальных апаратаў, праектаванні і вырабе драбнамодульных прыборных зубчастых перадач і механізмаў.
Тв.:
Ускоренные ресурсные испытания приборных зубчатых приводов. М., 1980;
Расчет мелкомодульных зубчатых передач на износ и прочность. М., 1985.
т. 3, с. 183
БЛАГАНРА́ВАЎ Анатоль Аркадзевіч
(1.6.1894, с. Анькава Уладзімірскай вобл., Расія — 4.2.1975),
савецкі вучоны ў галіне балістыкі. Акад. АН СССР (1943). Ген.-лейт. артылерыі (1943). Двойчы Герой Сац. Працы (1964, 1974). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі (1940). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1916), Ваенна-тэхн. акадэмію (1929). З 1929 у Акадэміі артыл. навук (у 1946—50 прэзідэнт). З 1953 дырэктар Ін-та машыназнаўства АН СССР. З 1963 старшыня камісіі па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы пры АН СССР. Працы па пытаннях механікі і артыл. ўзбраення. Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1960.
т. 3, с. 183
БЛАГАРАЗУ́МАЎ Сяргей Аляксеевіч
(1921, г. Варонеж, Расія — 1942),
арганізатар падп. камсамольскіх груп у Мінску ў Вял. Айч. вайну. З лета 1941 у акупіраваным Мінску на падп. рабоце, з кастр. па заданні падполля на рабоце ў паліцыі, з мая 1942 на нелегальным становішчы. Прымаў удзел у выданні падп. газ. «Звязда», лістовак. Выконваў спецзаданні Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. У кастр. 1942 арыштаваны фашыстамі і пакараны смерцю.
т. 3, с. 183
БЛА́ГАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з вёсак Благаўка, Новае Вільянава, Літвінавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. У 19 — пач. 20 ст. тут працавалі каля 200 ганчароў, якія выраблялі чырвонагліняныя непаліваныя, а таксама гартаваныя і чорназадымленыя гаршкі, гладышы, збанкі, цёрлы, вазонніцы, спарышы (парнікі). У 20 ст. пашырылася глазураваная кераміка з палівай зялёнага колеру, адвольныя пацёкі якой прыгожа кантрастуюць з непаліванай паверхняй. Часам на верхнюю частку вырабаў наносіўся выціснуты дэкор у выглядзе 2—3 хвалістых ці роўных паяскоў. Промысел заняпаў у 1970-я г. Калекцыі благаўскай керамікі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нац. маст. музеі Беларусі.
Я.М.Сахута.
т. 3, с. 183
БЛАГО́ЕВА ГРУ́ПА,
першая сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1883—87. Створана ў Пецярбургу Дз.Благоевым, з 1884 наз. «Партыя рускай сацыял-дэмакратыі». Налічвала да 30 чал., пераважна студэнтаў. Пасля ўстанаўлення сувязі з групай «Вызваленне працы» стала наз. «Пецярбургская група партыі рускіх сацыял-дэмакратаў». Група першай арганізавала каля 15 рабочых гурткоў; у 1885 наладзіла выпуск у Расіі с.-д. нелегальнай газ. «Рабочий» (выйшлі 2 нумары). Разгромлена паліцыяй.
т. 3, с. 183