БЛЕД
(Bled),
горнакліматычны курорт у Славеніі. На ПнЗ ад г. Любляна, на беразе аднайм. возера каля падножжа Юлійскіх Альпаў. Развіваецца з 19 ст. Кліматалячэнню (хваробы печані, нырак, органаў стрававання, анеміі і інш.) спрыяюць крыніцы цёплых мінер. водаў, умерана кантынентальны клімат, выключна чыстае паветра, ахаванасць курорта ад халодных вятроў.
т. 3, с. 189
БЛЕ́ДНАЕ ВО́ЗЕРА,
Бляда, у Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, у межах гідралагічнага заказніка Чарэмшыца. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Пл. 1,95 км², даўж. 2,02 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 6,02 км. Пл. вадазбору 4,72 км².
Схілы катлавіны выш. да 2 м, паўд.-зах. — да 5 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, у паўд.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Дно глыбей за 3 м сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м, шыр. паласы надводнай расліннасці да 180 м. Адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
т. 3, с. 189
БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА
(Amanita phalloides),
мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
т. 3, с. 189
БЛЕЙК
(Blake) Уільям (28.11.1757, Лондан — 12.8.1827),
англійскі паэт, мастак. Першы англ. рамантык паводле вызначэння паэтаў-прэрафаэлітаў. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі. Аўтар лірыка-філас. зб-каў «Песні неспакушанасці» (1789) і «Песні вопыту» (1794). У «Прароцкіх кнігах» (1789—1820); паэмы «Шлюб Неба і Пекла», «Французская рэвалюцыя», «Прывідныя ўяўленні дачок Альбіёна», «Амерыка», «Еўропа» і інш.) праз складаную сімволіку міфал. і біблейскіх вобразаў адлюстраваў трагічныя калізіі еўрап. гісторыі на мяжы стагоддзяў. Паэма «Іерусалім: эманацыя гіганта Альбіёна» (1820) — духоўны запавет Блейка. Ілюстраваў уласныя творы, «Кнігу Іова», «Боскую камедыю» Дантэ. Наватарскія ідэі Блейка (тэорыя ўяўлення як універсальны інструмент адкрыцця вышэйшай духоўнай рэальнасці; прынцып сінтэзу мастацтваў, увасоблены ў кніжнай графіцы), надоўга апярэдзіўшы свой час, заставаліся ў цэнтры ўвагі 20 ст. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Я.Семяжон.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1965;
Стихи М., 1978.
Літ.:
Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.
Н.М.Саркісава.
т. 3, с. 189
БЛЕНАРЭ́Я
(ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),
вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.
Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб. небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 3, с. 190
БЛЕ́НДА
(ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся бленадмі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на),
барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).
т. 3, с. 190
БЛЕ́НДА ў оптыцы, прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.
т. 3, с. 190
БЛЕРЫО́
(Blériot) Луі (1.7.1872, г. Камбрэ, Францыя — 1.8.1936),
французскі авіяканструктар і пілот, адзін з заснавальнікаў авіяцыі. З 1900 будаваў арнітаптэры (апараты з рухомымі крыламі) і планёры, з 1906 — самалёты. Здзейсніў палёт на самалёце (1908), упершыню пераляцеў праліў Ла-Манш (1909). Самалёты сістэмы Блерыо выкарыстоўваліся пераважна ў 1910—20-я г. ў франц. Авіяцыі.
т. 3, с. 190
БЛЕФ
(англ. bluff),
выдумка, падман з мэтай выхвалення або запалохвання (ад назвы прыёму картачнай гульні ў покер).
т. 3, с. 190