БЛЁКАТ
(Hyoscyamus),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (Н. niger).
Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.
т. 3, с. 190