Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎРА́ТЫ,

солі золата, гл. ў арт. Золата.

т. 2, с. 87

АЎРО́РА,

у рымскай міфалогіі багіня світання, якая прыносіла дзённае святло багам і людзям. Яе ўяўлялі юнай крылатай жанчынай, якая ўзнімалася з акіяна на калясніцы, запрэжанай светлымі коньмі. У вобразнай і паэт. мове Аўрора — сінонім ранішняй зары, золаку. Адпавядае грэч. багіні Эас.

т. 2, с. 87

«АЎРО́РА»,

крэйсер рас. Балтыйскага флоту. У страі з 1903; удзельнічаў у марскіх баях пры Цусіме (май 1905), на Балтыйскім м. ў 1-ю сусв. вайну. 25.10(7.11).1917 «Аўрора» зрабіла халасты стрэл — сігнал да штурму Зімняга палаца. З 1923 вучэбны карабель. У Вял. Айч. вайну гарматы «Аўроры» выкарыстоўваліся пры абароне Ленінграда. З 1948 крэйсер стаіць на Няве як помнік Кастр. рэвалюцыі ў Петраградзе; у 1957 на ім створаны музей.

т. 2, с. 88

АЎРУ́ЦІН Анатоль Юр’евіч

(н. 3.7.1948, Мінск),

паэт, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1972). Друкуецца з 1973. Аўтар зб-каў вершаў «Снегапад у ліпені» (1979), «Паваротны круг» (1983), «... З гэтага свету» (1991), кн. «Любоўнае зелле» (1992), нарысаў аб прафесіях. Перакладае на рус. мову творы М.Багдановіча, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, А.Грачанікава, Г.Апалінэра, Ш.Бадлера, Г.Гейнэ, П.Элюара і інш.

т. 2, с. 88

АЎРЫ́ЛЬ

(Avril) Філіп (21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),

французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».

Літ.:

Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.

В.П.Грыцкевіч.

т. 2, с. 88

АЎРЫПІГМЕ́НТ

[ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],

мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.

т. 2, с. 88

АЎРЭ́ЛІЙ Марк

(Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.В.Рубанаў.

т. 2, с. 88

АЎРЭ́ЛІЙ ВІ́КТАР Секст

(Sextus Aurelius Victor),

рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.

т. 2, с. 88

АЎРЭЛІЯ́Н Луцый Даміцый

(Lucius Domitius Aurelianus; 9.9.214—275),

рымскі імператар з 270. Ілірыец з Паноніі. Служыў у рым. арміі, пры імператару Клаўдзію II начальнік конніцы, пасля яго смерці абвешчаны імператарам. Аўрэліян вярнуў амаль усе страчаныя раней правінцыі і аднавіў межы Рым. імперыі: адкінуў готаў за Дунай, выцесніў алеманаў з Рэцыі і Італіі (але страціў Дакію). Правёў грашовую рэформу; у 273 задушыў у Рыме рух манетарыяў (работнікаў манетнага двара). Імкнуўся да неабмежаванай улады. Забіты змоўшчыкамі ў час падрыхтоўкі да парфянскага паходу.

т. 2, с. 88

АЎРЭ́УС

(ад лац. aureus залаты),

залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна І (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.

т. 2, с. 88