Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.

Т.І.Чарняўская, М.М.Яніцкая.

Паланэчкаўскі Юр’еўскі касцёл.

т. 11, с. 537

ПАЛА́С,

двухбаковы дыван без ворсу ручной ці машыннай работы.

т. 11, с. 537

ПАЛА́С (Пётр Сімон) (22.9.1741, Берлін — 8.9.1811),

расійскі прыродазнавец, географ і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1767). Вучыўся ў Германіі, Галандыі, Вялікабрытаніі. З 1767 жыў у Расіі. У 1768—74 узначаліў экспедыцыю Пецярбургскай АН у цэнтр. вобласці Расіі, раёны ніжняга Паволжа, Прыкаспійскай нізіны, сярэдняга і паўд. Урала, паўд. Сібіры. Навук. працы па заалогіі, палеанталогіі, батаніцы, этнаграфіі і інш. Адкрыў і апісаў шмат відаў млекакормячых, птушак, рыб, насякомых і інш. жывёл, у т.л. ланцэтніка. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі буйвала, маманта, валасатага насарога. Адлюстраваў гіст. развіццё жывёльнага свету ў выглядзе радаслоўнага дрэва. Аўтар прац: «Падарожжа па розных правінцыях Расійскай дзяржавы» (т. 1—3, 1773—88) і «Флора Расіі» (т. 1—2, 1784—88).

т. 11, с. 538

ПАЛАСА́ТЫЯ СПЕ́КТРЫ,

аптычныя спектры малекул і крышталёў. Узнікаюць пры электронных пераходах у малекулах і міжзонных пераходах у крышталях, складаюцца з шырокіх спектральных палос, размяшчэнне якіх у спектрах рознае для розных рэчываў. П.с. простых малекул распадаюцца на больш вузкія вагальныя палосы і вярчальныя лініі, у складаных малекул звычайна суцэльныя (не маюць дыскрэтнай структуры). Гл. таксама Малекулярныя спектры, Спектры крышталёў.

т. 11, с. 538

ПАЛАСА́ АДЧУЖЭ́ННЯ, паласа адводу,

тэрыторыя абапал шашэйных дарог і чыгунак (да 50 м з кожнага боку), выключаная з землекарыстання. На П.а. ствараюцца лесапалосы, якія ахоўваюць дарогу ад неспрыяльных метэаралагічных і інш. фактараў (заносу снегам, пяском, размыву). Буд-ва ў межах палос, не звязанае з патрэбамі абслугоўвання дарог, забаронена.

т. 11, с. 538

ПАЛАСА́ ПРАПУСКА́ННЯ,

дыяпазон частот для забеспячэння перадачы сігналу з дапушчальнымі скажэннямі яго формы. У межах П.п. амплітудна-частотная характарыстыка (АЧХ) акустычнай, радыётэхн. ці аптычнай прылады дастаткова раўнамерная, а яе фазава-частотная характарыстыка (ФЧХ) лінейная. Асн. параметры: шырыня П.п., нераўнамернасць АЧХ і нелінейнасць ФЧХ. Патрабаванні да П.п. пэўнага апарата (канала сувязі) вызначаюцца яго прызначэннем. Напр., для тэлеф. сувязі дастаткова П.п. (па нізкай частаце) 300—3400 Гц, для высакаякаснага ўзнаўлення муз. твораў 30—15 000 Гц, для радыёканалаў наземнага тэлевізійнага вяшчання — шырыня П.п. 6,7 ці 8 МГц у залежнасці ад стандарта.

т. 11, с. 538

ПАЛА́ТА (ад лац. palatium палац),

1) у сярэдневяковай рус. архітэктуры зала, звычайна бясстоўпная ці з адным стаўпом, што падтрымлівае скляпенне.

2) Установа, якая размяшчаецца ў падобных залах (напр., Аружэйная П.).

3) Асобны пакой у бальніцах для размяшчэння хворых.

т. 11, с. 538

ПАЛАТА́,

рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Полацкім р-не Віцебскай вобл. Беларусі; правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 93 км. Пл. вадазбору 651 км2. Выцякае з воз. Колпіна за 1,4 км на ПнУ ад в. Колпіна Невельскага р-на, цячэ праз воз. Неклач (Расія), па Полацкай нізіне і воз. Ізмак. Вусце ў межах г. Полацк. Даўж. на тэр. Беларусі 86 км, пл. вадазбору больш за 470 км2. Прытокі: Лютая, Страдань (справа), Тросніца і Чартоўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 100—400 м. Пойма двухбаковая, месцамі адсутнічае, шыр. 150—300 м. Рэчышча моцназвілістае, на асобных участках у верхнім і сярэднім цячэнні на працягу 14,2 км каналізаванае: шыр. яго 5—10 м, ніжэй упадзення р. Лютая месцамі да 30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. Пры ўпадзенні ў Зах. Дзвіну — г. Полацк.

т. 11, с. 538

ПАЛАТА́,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Палата. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Полацк, 130 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Палата. 634 ж., 273 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай культуры.

т. 11, с. 538

ПАЛАТАГРА́ФІЯ (ад лац. palatum паднябенне + ...графія),

адзін з метадаў эксперым. фанетыкі, з дапамогай якога вызначаецца месца сутыкнення языка з паднябеннем пры гукаўтварэнні. Адрозніваюць П. статычную і дынамічную. Здымкі, або артыкуляцыйныя карты, з адлюстраваннем розных органаў маўлення ў час вымаўлення гукаў пэўнай мовы падзяляюць на палатаграмы (паднябенне), лабіяграмы (губы), лінгваграмы (язык), рэнтгенаграмы (маўленчы апарат цалкам).

Літ.:

Барышнікава К.К., Падлужны А.І. Эксперыментальна-фанетычныя даследаванні ў Беларусі // Бел. лінгвістыка. 1974. Вып. 5.

А.В.Зінкевіч.

т. 11, с. 539