ПАЛАТА́,
рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Полацкім р-не Віцебскай вобл. Беларусі; правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 93 км. Пл. вадазбору 651 км2. Выцякае з воз. Колпіна за 1,4 км на ПнУ ад в. Колпіна Невельскага р-на, цячэ праз воз. Неклач (Расія), па Полацкай нізіне і воз. Ізмак. Вусце ў межах г. Полацк. Даўж. на тэр. Беларусі 86 км, пл. вадазбору больш за 470 км2. Прытокі: Лютая, Страдань (справа), Тросніца і Чартоўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 100—400 м. Пойма двухбаковая, месцамі адсутнічае, шыр. 150—300 м. Рэчышча моцназвілістае, на асобных участках у верхнім і сярэднім цячэнні на працягу 14,2 км каналізаванае: шыр. яго 5—10 м, ніжэй упадзення р. Лютая месцамі да 30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. Пры ўпадзенні ў Зах. Дзвіну — г. Полацк.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)