ПАЛА́С (Пётр Сімон) (22.9.1741, Берлін — 8.9.1811),

расійскі прыродазнавец, географ і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1767). Вучыўся ў Германіі, Галандыі, Вялікабрытаніі. З 1767 жыў у Расіі. У 1768—74 узначаліў экспедыцыю Пецярбургскай АН у цэнтр. вобласці Расіі, раёны ніжняга Паволжа, Прыкаспійскай нізіны, сярэдняга і паўд. Урала, паўд. Сібіры. Навук. працы па заалогіі, палеанталогіі, батаніцы, этнаграфіі і інш. Адкрыў і апісаў шмат відаў млекакормячых, птушак, рыб, насякомых і інш. жывёл, у т.л. ланцэтніка. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі буйвала, маманта, валасатага насарога. Адлюстраваў гіст. развіццё жывёльнага свету ў выглядзе радаслоўнага дрэва. Аўтар прац: «Падарожжа па розных правінцыях Расійскай дзяржавы» (т. 1—3, 1773—88) і «Флора Расіі» (т. 1—2, 1784—88).

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)