Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРЦЭ́Я,

возера ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 11 км на У ад г.п. Шаркаўшчына. Пл. 0,25 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м, месцамі разараныя. Выцякаюць ручаі ў рэкі Паловіца і Стуканаўка.

т. 8, с. 110

КАРЧАВА́ЛЬНІК,

навясное абсталяванне да гусенічнага трактара для карчавання пнёў, хмызняку і камянёў або прычапная машына для суцэльнага карчавання пнёў і схаванай драўніны, пагрузкі іх у трансп. сродкі ці ўкладкі ў валок. Можа выкарыстоўвацца і для рыхлення шчыльных грунтоў (гл. Карчавальныя машыны). Таксама ёсць К. сцёблаў бавоўніку — машына для выдалення сцёблаў пасля ўборкі бавоўны-сырцу. Адрозніваюць К.-валкаўкладчыкі (збіраюць сцёблы ў суцэльны валок або ў невял. копы) і К.-здрабняльнікі (здрабняюць сцёблы і раскідваюць іх па полі або загружаюць у трансп. сродкі).

Схема работы карчавальніка: 1 — пры суцэльным карчаванні хмызняку і драбналесся; 2 — пры ўборцы камянёў.

т. 8, с. 110

КАРЧАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

трактары і аднакаўшовыя экскаватары са спец. абсталяваннем і прыстасаваннямі для выдалення пнёў, дрэў, камянёў і хмызняку. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель, расчыстцы трас у меліярац. і дарожным буд-ве.

Выпускаюцца: карчавальнікі з пярэдняй і задняй навескай рабочага органа (рамы з рухомымі і нерухомымі ікламі ці зубамі) або з прычапным карчавальным ротарам; карчавальнікі-збіральнікі з навясным абсталяваннем на гусенічны трактар (рамай з адвалам і ікламі, механізмам падрэзкі каранёў) для карчавання, зграбання і пагрузкі ў трансп. сродкі пнёў, камянёў, хмызняку пры выкананні буд. і культуртэхнічных работ; карчавальныя бароны — навясныя рамы са здымнымі карчавальнымі зубамі для карчавання пнёў, хмызняку і драбналесся; карчавальныя агрэгаты ў складзе карчавальніка, карчавальнай бараны і кустовых грабель або асобнага агрэгата з вібрацыйным рабочым органам для карчавання хмызняку і драбналесся, асобных пнёў і дрэў і зграбання іх у валкі. Гл. таксама Каменяўборачныя машыны, Кустарэз.

І.​І.​Леановіч.

Карчавальныя машыны: а — карчавальны агрэгат (1 — карчавальнік, 2 — трактар, 3 — гідрацыліндр кіравання карчавальнай бараной 4); б — карчавальнік-збіральнік (1 — карчавальнае прыстасаванне з клыкамі; 2, 3, 5, 6 — гідрацыліндры; 4 — трактар; 7 — механізм падрэзкі каранёў).

т. 8, с. 110

КАРЧА́ГА,

ганчарны выраб, вял. гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. На Беларусі вядомы вузкагорлыя і шыракагорлыя К. Вузкагорлыя былі пашыраны ў 10—1-й пал. 13 ст. ў час гандлю з візант. гарадамі паўн. і зах. ўзбярэжжа Чорнага м. і выкарыстоўваліся для дастаўкі вадкіх прадуктаў (алею, віна і інш.). Формай былі падобныя на ант. амфары (якія таксама наз. К.) з пукатым тулавам, 2 вертыкальна выгнутымі ручкамі, вострым, закругленым або амаль плоскім дном. Рэшткі К. знойдзены пры раскопках амаль ва ўсіх бел. гарадах. Аздабляліся лінейным арнаментам; часта на К. трапляюцца літары і словы. Шыракагорлыя паліваныя К. былі пашыраны з 14—16 ст. Мелі масіўнае пукатае тулава з плоскім дном з 2 дугападобнымі ручкамі. У іх трымалі соленыя грыбы, агуркі, зерне і інш. У наш час К. выйшлі з ужытку.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Карчага 12 ст.

т. 8, с. 111

КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.​Камісаржэўскай, Літ.-маст. т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.​Астроўскага, М.​Гогаля, А.​Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.​Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.​Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 8, с. 111

КАРЧМА́,

харчэўня, заезны дом, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Былі пашыраны на Беларусі, Украіне, у Польшчы. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 14 — пач. 20 ст. Ставілі іх на гандл. плошчах, гал. вуліцах гарадоў і мястэчак, у вёсках і фальварках, на гандл. шляхах, каля рачных перапраў, пры млынах і інш. З 16 ст. размяшчэнне і парадак дзейнасці К. рэгламентаваліся Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, з канца 18 ст. — законамі Рас. імперыі. Падзяляліся на заезныя (тыпу гасцініцы) і шынковыя (тыпу харчэўні). Заезныя К. складаліся з вял. хаты-шынкоўні, дзе размяшчаліся каморы, гасціныя пакоі, і «заезду» — стайні, дзе распрагалі і кармілі коней, і вазоўні, дзе ставілі вазы і тавары. Шынковыя К. мелі простую арх.-планіровачную структуру і складаліся з 2- ці 3-камернага жылля з мураванай печчу для гатавання ежы, са сталамі і лавамі. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчомнай маёмасці, прадуктаў, святліцы для заможных наведвальнікаў. Харчэўні, у якіх не дазвалялася гандляваць спіртным, наз. К. пакутнымі («тайнымі»), Вял. К. наз. аўстэрыямі.

Планіроўка К., яе канструкцыя і маст. вырашэнне набліжаны да нар. жылля. Кампактныя, пераважна прамавугольныя ў плане будынкі з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру» завяршалі дахі, накрытыя саломай, чаротам, драніцай, гонтамі (вёскі Нача Воранаўскага, Міхалішкі Астравецкага р-наў Гродзенскай вобл.). У некат. К. жылыя пакоі размяшчаліся на 2-м паверсе або ў мезаніне, вылучаліся падчэнямі. Манум. выгляд мелі мураваныя К. са складанай планіроўкай, багатым вонкавым аздабленнем, насычаным пластыкай інтэр’ерам (напр., корчмы ў Гродне). Гар. К. маглі аб’ядноўвацца з крамамі, мець 2 шынкі. У 2-й пал. 18—19 ст. на аснове К. сфарміраваліся гасцініцы, паштовыя станцыі, заезныя дамы і інш.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.

С.​А.​Сергачоў.

Будынак былой карчмы ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 111

Карчміт Міхаіл Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 403

КАРЧО́ВА,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на Пн ад г. Баранавічы. 236 км ад Брэста, 35 км ад чыг. ст. Баранавічы-Цэнтральныя. 523 ж., 203 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі помнік архітэктуры — Туганавіцкі парк і геал. помнік прыроды — Камень «філарэтаў».

т. 8, с. 111

КАРЧЭ́ЎСКІ (Вінцэнт) (Вікенцій Восіпавіч; 1789, Гродзеншчына — 1832),

бел. астраном, матэматык і асветнік, прадстаўнік Віленскай астр. школы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1807—11). У 1814—18 і ў 1826—31 працаваў у ім і адначасова ў 1811—18 у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Навук. працы па астраноміі (даследаванне яркасці зорак, назіранні планет, камет, астэроідаў і інш.). Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы. Прытрымліваўся матэрыялістычных поглядаў, прыхільнік вучэння Каперніка і асветніцкіх ідэй. Пераклаў на польскую мову і выдаў працы франц. астраномаў Ж.​Мале «Навука аб небе» (1824) і П.​Лапласа «Гісторыя астраноміі» (1825).

Тв.:

Astronomia. Wilno, 1821;

Traktat ο kometach. Wilno, 1826.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 238.

т. 8, с. 111

КАРЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Фёдаравіч) (1824—1900),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1844). Працаваў губ. архітэктарам гарадоў Камянец-Падольскі (Украіна; 1848), Віцебск (1870—85), Разань (Расія; 1885—90). У Віцебску перабудаваў будынак б. паліцэйскага аддзялення пад гар. т-р (1870-я г.) і жылы дом — пад публічную б-ку (1883); паводле яго праектаў і пад яго кіраўніцтвам узведзены будынкі мужчынскай гімназіі (1880), бальніцы (1884), Віцебскага акруговага суда будынак, праведзена добраўпарадкаванне Замкавай гары (1881).

т. 8, с. 111