КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.Камісаржэўскай, Літ.-маст. т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 8, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)