ганчарны выраб, вял. гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. На Беларусі вядомы вузкагорлыя і шыракагорлыя К. Вузкагорлыя былі пашыраны ў 10—1-й пал. 13 ст. ў час гандлю з візант. гарадамі паўн. і зах. ўзбярэжжа Чорнага м. і выкарыстоўваліся для дастаўкі вадкіх прадуктаў (алею, віна і інш.). Формай былі падобныя на ант.амфары (якія таксама наз. К.) з пукатым тулавам, 2 вертыкальна выгнутымі ручкамі, вострым, закругленым або амаль плоскім дном. Рэшткі К. знойдзены пры раскопках амаль ва ўсіх бел. гарадах. Аздабляліся лінейным арнаментам; часта на К. трапляюцца літары і словы. Шыракагорлыя паліваныя К. былі пашыраны з 14—16 ст. Мелі масіўнае пукатае тулава з плоскім дном з 2 дугападобнымі ручкамі. У іх трымалі соленыя грыбы, агуркі, зерне і інш. У наш час К. выйшлі з ужытку.