Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,

блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.

В.Ф.Дашкевіч.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,

від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).

Г.І.Краўцова.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ , парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 85​1, 85​2).

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ КАШТО́ЎНАСЦІ , сукупнасць грашовых знакаў замежных дзяржаў, крэдытных і плацежных дакументаў, выражаных у замежных грашовых адзінках, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Могуць уключаць: наяўную замежную валюту, плацежныя дакументы (чэкі, вэксалі, траты, акрэдытывы і інш.), замежныя фондавыя каштоўнасці (акцыі, аблігацыі), каштоўныя металы (золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы) у манеце, злітках, ломе і сырым выглядзе, вырабы з каштоўных металаў, жэмчуг, каштоўныя камяні і вырабы з іх. Валютнае заканадаўства ўстанаўлівае для валютных каштоўнасцей спец. абмежаваны рэжым абарачэння на тэр. краіны.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

цэнтралізаваныя запасы золата і замежнай валюты, што знаходзяцца ў цэнтр. (нац.) банках і фін. органах краіны ці ў міжнар. валютна-крэдытных арг-цыях. Выкарыстоўваюцца пераважна для рэгулявання знешніх разлікаў, пакрыцця дэфіцыту плацежнага балансу, стабілізацыі валютнага курсу на валютных рынках, у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі.

т. 3, с. 498

ВАЛЮ́ТНЫ ДЭ́МПІНГ,

гл. ў арт. Дэмпінг.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,

метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац, валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар. эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,

рэзкае абвастрэнне супярэчнасцей у валютнай сферы, глыбокае і зацяжное яе разладжванне. Выяўляецца ў рэзкіх ваганнях валютных курсаў, хуткіх і значных па маштабах перамяшчэннях валютных рэзерваў, дэвальвацыях і рэвальвацыях валют, пагаршэнні міжнар. валютнай ліквіднасці. Звычайна ахоплівае нац. валютныя (грашовыя) сістэмы, а таксама міжнар. разлікі, суправаджаецца інфляцыяй.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,

цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.

Г.І.Краўцова.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,

заканадаўча ўстаноўленыя адносіны паміж валютамі дзвюх краін. З’яўляецца асновай валютнага курсу. Пры монаметалізме і біметалізме валютны парытэт — суадносіны грашовых адзінак па іх метал. вартасці. Залаты парытэт — суадносіны грашовых адзінак розных краін па іх афіцыйнай залатой вартасці (адменены ў 1976—78). Ва ўмовах абарачэння не размененых на золата крэдытных і папяровых грошай валютны парытэт устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цэн унутры краіны і пакупной здольнасці замежных валют, а таксама (як і валютны курс) на базе валютнага кошыка і СДР.

т. 3, с. 497