Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЮ́ТА

(італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.І.Краўцова.

т. 3, с. 496

ВАЛЮ́ТА (італьян. voluta завіток, спіраль) у архітэктуры, матыў у форме спіралепадобнага завітка з кружком («вочкам») у цэнтры; ч. іанічнай капітэлі. Уваходзіць і ў кампазіцыю карынфскай і кампазітнай капітэляў. У асобных выпадках форму валюты маюць арх. дэталі для сувязі ч. будынка, а таксама кансолі карнізаў, упрыгожанні парталаў, дзвярэй, вокнаў і інш. Выкарыстоўвалася з часоў позняга Адраджэння і ў барока.

т. 3, с. 496

ВАЛЮ́ТНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак міжнар. разлікаў і інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах яе юрыд. і фіз. асоб з прадстаўнікамі інш. краін. Нормы валютнага заканадаўства вызначаюць агульныя прынцыпы валютных аперацый, паўнамоцтвы і функцыі дзярж. органаў у валютным рэгуляванні і кіраванні валютнымі рэсурсамі, правы і абавязкі суб’ектаў, што валодаюць валютнымі каштоўнасцямі і карыстаюцца імі, меры адказнасці і санкцыі за парушэнні правіл аб здзелках і аперацыях з валютай.

Да 1986 валютнае заканадаўства было абумоўлена валютнай манаполіяй дзяржавы, і ўсе аперацыі (здзелкі) з валютнымі каштоўнасцямі на тэр. СССР ажыццяўляліся толькі спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое дзярж. органамі і арг-цыямі. Пасля 1986 прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на расшырэнне правоў юрыд. і фіз. асоб у сферы валютных адносін Рэспублікі Беларусь, у т. л. законы «Аб асновах знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 25.10.1990, «Аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», уведзены ў дзеянне з 1.1.1992, «Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 20.3.1992, указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні парадку рэгулявання экспартна-імпартных і валютных аперацый і павышэнні адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці» ад 8.2.1995, і інш.

т. 3, с. 496

ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,

арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.

Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.

А.Б.Дорына.

т. 3, с. 496

ВАЛЮ́ТНАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ,

умяшанне цэнтральнага (нац.) банка ў аперацыі на валютным рынку з мэтай уздзеяння на курс нац. валюты праз куплю-продаж замежнай валюты; састаўная частка валютнай палітыкі. Для павышэння курсу нац. валюты цэнтр. (нац.) банк прадае замежную валюту, а для зніжэння — купляе яе ў абмен на нацыянальную. У буйных маштабах валютная інтэрвенцыя ажыццяўляецца за кошт валютных рэзерваў ці кароткатэрміновых узаемных крэдытаў цэнтр. банкаў некалькіх краін у нац. валютах па міжбанкаўскіх пагадненнях «своп».

т. 3, с. 496

ВАЛЮ́ТНАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

валютнае права дзяржавы на валютныя аперацыі і ўсю валюту, якая паступае ў краіну. Існавала ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі, была непарыўна звязана з манаполіяй знешняга гандлю. З фарміраваннем рыначнай эканомікі ў гэтых краінах, у т. л. на Беларусі, валютная манаполія ліквідавана, дзейнічаюць толькі валютныя абмежаванні як частка валютнай палітыкі.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв. валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).

В.Ф.Дашкевіч.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац. валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв. гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.

З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.

Г.І.Краўцова.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНАЯ СПЕКУЛЯ́ЦЫЯ,

захады банкаў і фірмаў, разлічаныя на атрыманне прыбытку ад змены курсу валют на валютных рынках. Ажыццяўляецца пэўнымі валютнымі аперацыямі ці наўмысным устрыманнем ад іх. Прасцейшая форма валютнай спекуляцыі — валютны арбітраж: валюта адной краіны па нізкім курсе купляецца за валюту другой краіны і рэалізуецца там, дзе курс гэтай валюты больш высокі; атрыманы барыш і ёсць спекуляцыйны даход. Валютная спекуляцыя можа прымаць і больш складаныя формы — маніпуляцыі па наўмысным зніжэнні курсу валют. Валютная спекуляцыя звязана з валютнай рызыкай, яе вынік залежыць ад правільнасці ацэнкі перспектыў вагання валютнага курсу. Мерапрыемствы па стрымліванні валютнай спекуляцыі звычайна ажыццяўляюць цэнтр. (нац.) банкі.

т. 3, с. 497

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,

сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.

т. 3, с. 498