Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́ЛЬДГАЙМ

(Waldheim) Курт (н. 21.12.1918, Андрэ-Вердэн, зямля Ніжняя Аўстрыя, Аўстрыя),

дзяржаўны дзеяч Аўстрыі, дыпламат. Д-р юрыд. н. (1944). Вучыўся ў Венскай консульскай акадэміі (1937—39), скончыў Венскі ун-т (1944). З 1945 на дыпламат. службе. Пастаянны прадстаўнік Аўстрыі пры ААН (1964—68 і 1970—71). Міністр замежных спраў Аўстрыі (1968—70). Ген. сакратар ААН у 1972—81. Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў 1986—92.

Тв.:

Рус. пер. — Австрийский путь М., 1976;

Единственная в мире должность. М., 1980.

т. 3, с. 490

ВА́ЛЬДМЮЛЕР

(Waldmüller) Фердынанд Георг (15.1.1793, Вена — 23.8.1865),

аўстрыйскі жывапісец. Вучыўся (1807—13) і выкладаў (1829—57) у Венскай АМ. Працаваў у Вене, Заграбе, Празе, Брно. Прадстаўнік аўстр. бідэрмеера. Маляваў паэтычныя горныя ландшафты, сцэны сял. побыту («Вялікі пейзаж Пратэра», 1849; «Збіральнікі галля ў Венскім лесе», 1855; «Пасля апісання маёмасці», 1856) і партрэты, адметныя інтымнай непасрэднасцю і тонкасцю назіранняў («Сям’я натарыуса І.А.Эльца», 1835; «Сям’я ў парку», 1840).

т. 3, с. 490

ВАЛЬДШНЭ́П,

гл. Слонка.

т. 3, с. 491

ВАЛЬДЫ́ВІЯ

(Valdivia),

археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.

т. 3, с. 491

ВАЛЬДЫ́ВІЯ

(Valdivia),

горад на Пд Чылі. Засн. ў 1552. 150 тыс. ж. (1990). Порт на р. Вальдывія, за 20 км ад яе ўпадзення ў Ціхі ак., марскі аванпорт — Караль (вываз лесу, збожжа). Чыг. станцыя. Цэнтр с.-г. і лесапрамысл. раёна. Суднарамонт. Цэлюлозна-папяровая і харч. прам-сць. Ун-т. У 1960 горад моцна разбураны землетрасеннем.

т. 3, с. 491

ВАЛЬДЫ́ВІЯ

(Valdivia) Педра дэ (каля 1500, г. Вільянуэва-дэ-ла-Серэна, Іспанія — 25.12.1553 або 1.1.1554),

іспанскі канкістадор. Прымаў удзел у заваяванні Перу і Чылі іспанцамі. У 1535—37 дайшоў да сярэдняй часткі Чылі. Вёў жорсткую барацьбу супраць араўканаў. У 1540 паводле загаду Ф.Пісара распачаў пакарэнне ўсяго Чылі. У 1541 заснаваў г. Сант’яга. Пасля 1548 намеснік Чылі. У 1550 на Пд заснаваў г. Кансепсьён, у 1552 — г. Вальдывія. Забіты араўканамі. Свае паходы і адкрыцці апісаў у пісьмах да імператара Карла V і ў «Сведчаннях Педра дэ Вальдывія, якія трактуюць адкрыццё і заваяванне Чылі».

т. 3, с. 491

ВА́ЛЬДЭМАР

(Valdemar),

каралі ў сярэдневяковай Даніі.

Вальдэмар І Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.

Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм. тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).

Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням. гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.

т. 3, с. 491

ВАЛЬДЭ́С ЛЕА́ЛЬ [Valdés Leal; сапр. Ніса

(Nica)] Хуан дэ (4.5.1622, г. Севілья, Іспанія — 15.10.1690),

іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Кордаве. Пісаў карціны для манастыроў (у капэле брацтва Ла Карыдад у Севільі, каля 1679, і інш.). У яго творах «Узнясенне Марыі» (1655), «Зняцце з крыжа», «Хрышчэнне Хрыста» (1660-я г.), «Хрыстос сярод кніжнікаў» (1686) знайшоў адлюстраванне крызіс ісп. мастацтва 2-й пал. 17 ст. Экзальтаваная рэліг. пропаведзь тленнасці быцця ў іх спалучаецца з мудрагелістай фантазіяй, барочныя эфекты асвятлення — з натуралістычнымі дэталямі.

т. 3, с. 491

ВАЛЬЕ́РА

(франц. volière),

агароджаная пляцоўка з клеткамі ці домікамі для ўтрымання дробных жывёл і птушак. Бываюць закрытыя (з навесам) і адкрытыя. Робяць у заапарках, зверагаспадарках, запаведніках.

т. 3, с. 492

ВАЛЬЕ́ХА

(Vallejo) Сэсар (16.3.1892, г. Сант’яга-дэ-Чука, Перу — 15.4.1938),

перуанскі празаік, паэт. У першым зб. вершаў «Чорныя геральды» (1918; бел. пер. Р.Барадуліна, 1993) элементы паэтыкі лаціна-амер. мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам. У 1920—21 зняволены за ўдзел у сял. хваляваннях. У турме напісаў зб. «Трыльсе» (1922), вытрыманы ў традыцыях авангардысцкай паэзіі. З 1923 у эміграцыі (Францыя, Іспанія). У 1928 і 1931 наведаў СССР. Напісаў раман пра рабочых-індзейцаў «Вальфрам» і публіцыстычную кн. «Расія ў 1931 г.» (абодва 1931). Пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў цыкл «Іспанія, няхай абмінае мяне чаша гэта» (выд. 1939). Сталая творчасць (зб. «Чалавечыя вершы», выд. 1939) характарызуецца прастатой і эмацыянальнасцю, спалучэннем авангардысцкага наватарства з сац. і агульначалавечай праблематыкай. Аўтар публіцыст. кн. «Супраць прафесійнай тайны», «Мастацтва і рэвалюцыя» (абедзве выд. 1973).

Тв.:

Рус. пер. — Черные герольды. М., 1966;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Сесар Вальехо: Биобиблиогр. указ. М., 1986.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 492