Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Валынчук Віталь Віктаравіч

т. 18, кн. 1, с. 360

ВАЛЫ́НЧЫК Антон Міхайлавіч

(18.7.1896, в. Мяльканавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1985),

бел. харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Вышэйшыя муз. курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім муз. ліцэі (1935). Да 1939 выкладаў спевы ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, ствараў самадз. хары. З 1947 хормайстар Маладзечанскага абл. ансамбля песні і танца і Гродзенскага нар. ансамбля песні і танца «Нёман», у 1965—71 кіраўнік Гродзенскай нар. харавой капэлы настаўнікаў. У 1961—76 заг. кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага пед. ін-та. Аўтар хароў і песень на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Буйло і інш.

т. 3, с. 490

ВАЛЫ́НЬ,

Валынская зямля, гістарычная вобласць у бас. паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн. ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх. ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).

У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял. кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. Ускраін).

т. 3, с. 490

ВАЛЫНЯ́НЕ,

усходнеславянская племянная групоўка 9—10 ст. на тэр. Валынскай зямлі. Назва ад г. Валынь. Двойчы ўпамінаюцца ва ўводнай недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая сцвярджае, што папярэднікі валынян зваліся дулебамі і бужанамі. Верагодна, валыняне пад назвай «валінана» ўпамінаюцца ў араб. географа Масудзі (сярэдзіна 10 ст.), які паведамляе, што ў старажытнасці валыняне падначальвалі інш. славянскія плямёны, іх правіцеля звалі Маджак. У канцы 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч захапіў заселеныя валынянамі Чэрвеньскую і Перамышльскую землі. У 12 ст. на тэр. валынян ўтварылася Уладзіміра-Валынскае княства.

В.С.Пазднякоў.

т. 3, с. 490

ВА́ЛЬБЕРХ Іван Іванавіч

(14.7.1766, Масква — 26.7.1819),

рускі танцоўшчык, першы рус. балетмайстар, педагог. Прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1786), выкладаў у ёй (з 1794). З 1786 саліст Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, выконваў пантамімныя партыі: Ясон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» Д.Штэйбельта). Паставіў 37 (1-ы — «Шчаслівае пакаянне», 1795) і ўзнавіў 10 балетаў інш. харэографаў. Працаваў у традыцыях дзейснага балета 18 ст. Адбіраў для імператарскіх т-раў лепшых танцоўшчыкаў з прыватнаўласніцкіх труп (у т. л. 14 салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча).

т. 3, с. 490

ВАЛЬБЕ́РХАВА

(Валберхава) Марыя Іванаўна (7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),

руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.

т. 3, с. 490

ВАЛЬВАЦЕ́НКА Іван Кірылавіч

(н. 15.4.1915, в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы афіцэрскага саставу (1939), танкавую школу (1941). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. 5—6.11.1943 танк. рота на чале са ст. лейт. Вальваценкам вызначылася ў баях каля Кіева. Паранены Вальваценка з экіпажам у падбітым танку некалькі гадзін вёў бой да падыходу падмацавання. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 490

ВАЛЬВА́ЦЫЯ

(ад франц. évaluation ацэнка),

вызначэнне каштоўнасці, вартасці замежнай валюты ў нацыянальнай грашовай адзінцы.

т. 3, с. 490

ВАЛЬВАЧО́Ў Мікалай Іванавіч

(15.5.1922, в. Загор’е Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1990),

бел. эпідэміёлаг. Д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Ваенна-марскую мед. акадэмію (Ленінград, 1945). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па даследаванні эпідэміял. працэсу і распрацоўцы мерапрыемстваў для папярэджвання інфекцыйных і гнойна-запаленчых хвароб. На Беларусі арганізаваў вывучэнне эпідэміялогіі ўнутрыбальнічных інфекцый у родадапаможных і хірургічных стацыянарах.

Тв.:

Статистический метод в медицинской практике с применением микроЭВМ и персональных компьютеров. Мн., 1989 (разам з Л.І.Рымжа).

т. 3, с. 490

ВАЛЬВО́КСАВЫЯ

(Volvocophyceae),

клас зялёных водарасцяў. Уключае 3 парадкі: поліблефарыдавыя (Polyblepharidales), хламідаманадавыя (Chlamydomonadales) і вальвоксавыя (Volvocales). Агульная колькасць сямействаў, родаў і відаў не вызначана. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца ўсюды. Растуць у стаячых прэсных вадаёмах (планктонныя формы), таксама ў глебе. Найб. вядомыя роды: вальвокс (Volvox), гематакокус (Hematococus), гоніум (Gonium), дуналіела (Dunaliella), пандарына (Pandorina), хламідаманада (Chlamydomonas), эўдарына (Eudorina).

Найб. прымітыўная група зялёных водарасцяў. Аднаклетачныя, цэнабіяльныя ці каланіяльныя арганізмы, маюць манадную структуру цела і жгуцікі (1—2, радзей 4—8). У вегетатыўным стане рухомыя на працягу ўсяго жыцця. Бясполае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клетак або зааспорамі, палавы працэс — галагамія, ізагамія, гетэрагамія і аагамія. Пры масавым развіцці выклікаюць зялёнае і чырв. «цвіценне» вады, што вядзе да зніжэння ў ёй кіслароду і замору рыб. Біял. ачышчальнікі і індыкатары забруджаных і сцёкавых водаў, удзельнічаюць ва ўтварэнні сапрапелю. Вальвоксавыя — важнае звяно ў ланцугу спажывання гідрабіёнтаў. З некат. відаў атрымліваюць карацін.

т. 3, с. 490