Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Валынец Таццяна Мікалаеўна

т. 18, кн. 1, с. 360

ВАЛЫ́НКА,

рака ў Беларусі, у Гарадоцкім і Віцебскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 78 км². Пачынаецца ў лясным масіве Астраўская дача, за 6 км на ПнУ ад в. Нізкія Гарадоцкага р-на. Упадае ў Зах. Дзвіну каля в. Пруднікі Віцебскага р-на.

т. 3, с. 488

ВАЛЫ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на З Украіны, паміж рэкамі Зах. Буг і Корчык (бас. р. Случ). На Пн уступам выш. 30—50 м абрываецца да Палескай нізіны, на Пд абмежавана раўнінай Малога Палесся. Выш. да 341 м (Мізацкі краж). Пераважае ўваліста-лагчынны рэльеф. Рачнымі далінамі Зах. Буга, Стыры, Гарыні і іх прытокаў расчлянёна на асобныя плато. Валынскае ўзвышша разам з Падольскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім. У аснове Валынскага ўзвышша мелавыя і каменнавугальныя адклады Львоўска-Валынскага вугальнага басейна. Лесастэпавыя ландшафты.

т. 3, с. 488

ВАЛЫ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Украіне. Пл. 20,2 тыс. км². Нас. 1077,6 тыс. чал. (1993), гарадскога 48%. Цэнтр — г. Луцк. Найб. гарады: Ковель, Новавалынск, Уладзімір-Валынскі.

Прырода. Паўночная частка Валынскай вобласці (3/4 тэр.) размешчана на Палескай нізіне (выш. 140—150 м), паўд. ч. займае паўн.-зах. ўскраіну Валынскага ўзв. (выш. да 292 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, торф, мел, буд. пяскі, гліны, вапнякі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 650 мм за год. Асн. рэкі: Прыпяць з прытокамі Стыр, Стаход, Тур’я, Выжаўка, па граніцы з Польшчай — Зах. Буг. Найб. азёры — Свіцязь, Пулямецкае, Турскае, Арэхава. Ёсць мінер. крыніцы. Глебы ў паўн. ч. дзярнова-падзолістыя і балотныя, у паўднёвай — ападзоленыя, цёмна-шэрыя і шэрыя чарназёмныя (пераважна ўзараныя). Лясы займаюць каля 34% тэр., пераважаюць хваёвыя бары, бярозавыя гаі; у паўд. ч. вял. масівы дубова-грабавых лясоў. Больш за 10% тэр. пад забалочанымі лугамі і балотамі. Шацкі прыродны нац. парк.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабілі, с.-г. машыны, станкі, прылады, эл.-апаратура, абсталяванне для жывёлагадоўчых фермаў і інш.), паліўна-энергет., хім., лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі), лесахім., лёгкая (швейная, тэкст., гарбарна-абутковая, у т. л. вытв-сць штучных скур), харч. (цукр., мясная, плодакансервавая, малочная, масласыраробная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча вугалю (Львоўска-Валынскі вугальны басейн). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Авечкагадоўля. Конегадоўля. Сажалкавая рыбагадоўля. Развіты бульбаводства і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец), кармавыя (кукуруза, сеяныя травы) культуры, агародніну. Садаводства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Кіеў—Ковель—Брэст, Ковель—Луцк—Львоў, Ковель—Люблін (Польшча) і інш., аўтадарогі Кіеў—Луцк, Брэст—Луцк—Дубна, Ковель—Несцераў. Аэрапорт. Суднаходства па р. Стыр.

С.І.Сідор.

т. 3, с. 489

ВАЛЫ́НСКІЯ,

муж і жонка, рэвалюцыянеры.

Сяргей Аляксеевіч (19.5.1874, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — ?). У 1894—98 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. За рэв. дзейнасць выключаны і жыў у Курску пад наглядам паліцыі. Разам з жонкай арганізаваў гурток, наладзіў выпуск лістовак. З 1903 у Мінску, пам. юрысконсульта на Лібава-Роменскай чыгунцы. Далучыўся да Мінскай групы РСДРП і вёў агітацыю сярод чыгуначнікаў. З 1905 у складзе Мінскага кааліцыйнага савета. У 1905 арыштаваны, вызвалены ў 1906, ад рэв. дзейнасці адышоў. У 1917—20 уваходзіў у Маскоўскую арг-цыю меншавікоў. Да 1933 працаваў юрысконсультам у Маскоўскім саюзе металістаў.

Вера Ільінічна (13.2.1878, в. Гусарка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — ?). Скончыла Харкаўскую гімназію (1897). У рэв. дзейнасць уключылася ў Курску. У Мінскай групе РСДРП выконвала абавязкі сакратара і касіра, падтрымлівала сувязі з друкарняй. Пасля Курлоўскага расстрэлу арганізавала к-т дапамогі параненым. Наладзіла выпуск лістовак і іншых матэрыялаў, якія перадаваў ёй з турмы муж.

Н.В.Назарава.

т. 3, с. 489

ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,

умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст. Мн., 1978.

т. 3, с. 489

ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл. Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.М.Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

В.А.Чамярыцкі.

т. 3, с. 489

ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 489

ВАЛЫ́НЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 152 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 990 ж., 394 двары (1995).

У канцы 18 — пач. 19 ст. побач з Валынцамі ў фальварку Забелы пры дамініканскім кляштары існаваў калегіум і дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1-й пал. 19 ст. ў Валынцах жыў і вучыўся ў Забельскай гімназіі бел. пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. У 1924—29 цэнтр Валынецкага раёна ў Полацкай акрузе.

Перасоўная механізаваная калона. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Барысаглебская царква.

т. 3, с. 489

ВАЛЫ́НЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км ад г.п. Карма, 126 км ад Гомеля, 76 км ад чыг. ст. Рагачоў. 208 ж., 101 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 3, с. 489