Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫЛЬЗІ́ЦКІ МІР 1807,

мірны дагавор паміж Расіяй і Францыяй, які завяршыў руска-пруска-французскую вайну 1806—07. Падпісаны 7 ліп. ў г. Тыльзіт (цяпер г. Савецк Калінінградскай вобл. Расіі) у выніку асабістых перагавораў паміж імператарамі Аляксандрам I і Напалеонам I. Паводле Т.м. Прусія страчвала амаль палавіну сваёй тэрыторыі: на адабраных у яе землях утвараліся Вестфальскае каралеўства і Варшаўскае герцагства; Беластоцкая вобласць адыходзіла да Расіі; Данцыг (цяпер Гданьск) абвяшчаўся вольным горадам. Расія абавязвалася спыніць вайну з Турцыяй і пасрэднічаць у мірных перагаворах паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Францыя абавязвалася выступіць пасрэднікам паміж Расіяй і Турцыяй. Расія далучалася да накіраванай супраць Вялікабрытаніі кантынентальнай блакады і прызнавала суверэнітэт Францыі над Іанічнымі астравамі, абавязвалася вывесці войскі з Дунайскіх княстваў. Т.м. ускладніў міжнар. і эканам. становішча Расіі, выклікаў руска-англійскую вайну на моры 1807—12. Дзейнічаў да вайны 1812.

т. 16, с. 74

ТЫ́ЛЬМАН ГАМЕ́РСКІ [Tylman Gamerski; сапр. Тэйлман ван Гамерэн (Thylman van Gameren); каля 1632, г. Утрэхт, Нідэрланды — 1706],

польскі архітэктар, прадстаўнік барока. Вучыўся ў Галандыі, вандраваў па Германіі і Італіі. З 1666 працаваў у Польшчы. Асн. работы: у Варшаве — палацы Красінскіх (1677—82, з Ю.​Белоці), Астрожскіх (1681—85), Асалінскіх (1694, не захаваўся), касцёлы сакраментак (1688—92), бернардзінцаў на Чанякове (1690—92); касцёл св. Ганны ў Кракаве (1689—95), палац Любамірскіх ў Любліне (каля 1693, перабудаваны ў стылі класіцызму ў 1823—29; цяпер ун-т), палац Браніцкіх у Беластоку (каля 1697, перабудаваны ў 18 ст.) і інш.

Тыльман Гамерскі. Касцёл бернардзінцаў у Варшаве.

т. 16, с. 74

Тыманен Анты Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 463

ТЫМІ́Н,

прыроднае арганічнае злучэнне з групы пірымідзінавых асноў. Прысутнічае ва ўсіх жывых клетках у саставе ДНК, у невял. колькасці — у трансп. РНК. Сінт. аналаг Т. — 5-бромурацыл (моцны мутаген): замяшчае Т. у ланцугу ДНК, парушае правільнае ўтварэнне пар нуклеатыдаў паводле прынцыпу камплементарнасці, што вядзе да памылак пры рэплікацыі ДНК і счытванні генет. кода. Гл. таксама Нуклеінавыя кіслоты.

т. 16, с. 74

ТЫМІШАА́РА (Timişoara),

горад на З Румыніі, на р. Бега. Адм. ц. жудзеца Тыміш. Вядомы з 13 ст. Каля 400 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (эл.-тэхн., радыёэлектронная, абсталяванне для горназдабыўной прам-сці, с.-г. машын), нафтахім., мэблевая, тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчовая. Ун-т. Тэатры. Музей Баната (маст., этнагр., археал.). Арх. помнікі: замак Янаша Хуньядзі (14—15 ст.), будынкі 18 ст. ў стылі барока.

т. 16, с. 74

ТЫМО́Л, 2-ізапрапіл-5-метылфенол, 3-гідраксі-4-ізапрапілталуол,

араматычнае злучэнне, CH3C6H3 (C3H7)OH.

Бясколерныя крышталі, tпл 50—51,5 °C, шчыльн. 925,7 кг/м³. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле, воцатнай к-це, мала — у вадзе. Мае хім. ўласцівасці фенолаў. Пры гідрыраванні ў прысутнасці плаціны ператвараецца ў ментол. Ёсць у некат. эфірных алеях, напр., з чабару звычайнага (адсюль назва «Т.»). У прам-сці атрымліваюць алкіліраваннем м-крэзолу прапіленам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ментолу і некат. хім. індыкатараў (напр., тымолфталеіну і тымолавага сіняга), у медыцыне як процігліставы сродак і антысептык.

т. 16, с. 74

ТЫМО́Р (Timor),

самы вялікі востраў у складзе Малых Зондскіх а-воў Малайскага архіпелага. Паўд.-зах. ч. — тэр. Інданезіі; пра паўн.-ўсх. ч. гл. Усходні Тымор. Пл. каля 34 тыс. км². У рэльефе пераважаюць горы (выш. да 2950 м); ёсць гразевыя вулканы. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Т-ра паветра на ўзбярэжжы ўвесь год 25—27 °C, ападкаў каля 1500 мм за год. Трапічныя мусонныя лясы і высакатраўныя саванны. Плантацыі кавы, какосавай пальмы. Вырошчваюць рыс, кукурузу. Асн. гарады — Купанг, Дылі.

т. 16, с. 74

ТЫМО́РСКАЕ МО́РА (Timor Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак., паміж Аўстраліяй і в-вам Тымор. Пл. 432 тыс. км². Найб. глыб. 3310 м, большая ч. акваторыі мае глыб. менш за 200 м. Т-ра вады на паверхні 25—29 °C. Салёнасць 34—35‰. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 3—4 м). На Пд порт Дарвін (Аўстралія).

т. 16, с. 74

ТЫМПА́Н (грэч. tympanon) у архітэктуры, 1) поле трохвугольнага ці фігурнага франтона. Вядомы са старажытнасці (Грэцыя і Рым). У бел. драўляным і мураваным дойлідстве найб. пашыраныя элементы аздаблення Т.: шалёўкі простыя (верт., гарыз.), фігурныя («квадратам», «ромбам», «у елачку». салярныя матывы) і камбінаваныя; накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка; у цэнтры люкарна або рытмічна згрупаваныя аконныя праёмы і нішы рознай формы. З 18 ст. ў буйных палацавых пабудовах пашырана аздабленне Т. скульпт. пластыкай у выглядзе дэкар. заставак з геральдычнымі выявамі (картушы, гербы, манаграмы і інш.). У архітэктуры 1950-х г. выкарыстоўваліся элементы геральдыкі і тагачаснай эмблематыкі. У сучасным нар. дойлідстве Т. аздабляюцца маст. укладкай шалёўкі, разьбой у выглядзе салярных выяў і інш. элементаў пластыкі.

2) Ніша паўцыркульнай, трохвугольнай ці спічастай формы над акном або дзвярыма, дзе часта размяшчаюць скульптуру, жывапісныя выявы, рэльефы.

Тымпан у гатычным касцёле.
Тымпан класіцыстычнага палаца.

т. 16, с. 74

ТЫМ-ПАРАНА́ЙСКІ ДОЛ,

мерыдыянальнае тэктанічнае паніжэнне паміж Зах.-Сахалінскімі і Усх.-Сахалінскімі гарамі на в-ве Сахалін, у Сахалінскай вобл. Расіі. Утвораны 2 разыходнымі далінамі рэк Тым (на Пн) і Паранай (на Пд). Даўж. 250 км, шыр. 8—65 км. Заняты лістоўнічнай тайгой. Невял. плошчы пад агародніннымі культурамі.

т. 16, с. 75