ТЫМПА́Н (грэч. tympanon) у архітэктуры, 1) поле трохвугольнага ці фігурнага франтона. Вядомы са старажытнасці (Грэцыя і Рым). У бел. драўляным і мураваным дойлідстве найб. пашыраныя элементы аздаблення Т.: шалёўкі простыя (верт., гарыз.), фігурныя («квадратам», «ромбам», «у елачку». салярныя матывы) і камбінаваныя; накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка; у цэнтры люкарна або рытмічна згрупаваныя аконныя праёмы і нішы рознай формы. З 18 ст. ў буйных палацавых пабудовах пашырана аздабленне Т. скульпт. пластыкай у выглядзе дэкар. заставак з геральдычнымі выявамі (картушы, гербы, манаграмы і інш.). У архітэктуры 1950-х г. выкарыстоўваліся элементы геральдыкі і тагачаснай эмблематыкі. У сучасным нар. дойлідстве Т. аздабляюцца маст. укладкай шалёўкі, разьбой у выглядзе салярных выяў і інш. элементаў пластыкі.

2) Ніша паўцыркульнай, трохвугольнай ці спічастай формы над акном або дзвярыма, дзе часта размяшчаюць скульптуру, жывапісныя выявы, рэльефы.

Тымпан у гатычным касцёле.
Тымпан класіцыстычнага палаца.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)