ВЫСО́КІХ НАПРУ́ЖАННЯЎ ТЭ́ХНІКА,
раздзел электратэхнікі, які ахоплівае вывучэнне і выкарыстанне эл. з’яў, што адбываюцца ў розных асяроддзях пры высокіх (больш за 1 кВ) напружаннях. Асн. праблема высокіх напружанняў тэхнікі — стварэнне для ЛЭП, эл. машын і ўстановак высакавольтнай ізаляцыі, якая забяспечвае іх надзейную працяглую работу і здольнасць вытрымліваць перанапружанні.
Займаецца таксама даследаваннем кароннага разраду і ВЧ-выпрамяненняў, якія ўзнікаюць на высакавольтных устаноўках; распрацоўкай і эксплуатацыяй электраўстановак, выпрабавальных і вымяральных прыстасаванняў і прылад высокага напружання. Самастойны раздзел высокіх напружанняў тэхнікі — электронна-іонная тэхналогія, што выкарыстоўваецца ў сістэмах газаачысткі, для афарбоўкі і інш. мэт.
т. 4, с. 324
ВЫСО́КІЯ ПЛАТО́,
міжгорныя плато і раўніны ў сістэме Атласа, у Алжыры і Марока. Выш. ад 700 м на У да 1200 м на З. Герцынская складкавая аснова высокіх плато перакрыта чахлом асадкавых мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На паверхні шмат катлавін з салёнымі азёрамі (шотамі), да якіх накіраваны даліны уэдаў. Клімат субтрапічны паўпустынны. Ападкаў 200—400 мм за год. Расліннасць — разрэджаныя хмызнякі і дзярнінныя злакі (у т. л. альфа) на шэра-карычневых глебах; вакол шотаў — галафіты і палын. Жывёлагадоўля. Арашальнае земляробства.
т. 4, с. 324
ВЫСО́КІЯ ШЫРО́ТЫ,
умоўная назва палярных і прыпалярных абласцей зямнога шара ад полюсаў прыкладна да 65° паўн. і паўд. шыраты.
т. 4, с. 324
ВЫСО́КІ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.
Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.
т. 4, с. 323
«ВЫСО́КІ ДУБ»,
бел. нар. гульня. Удзельнічаюць ад 4 да 8 чал., гуляюць на адкрытай пляцоўцы. Для гульні патрэбны палка, дошчачка, кароткая палачка і жалуды (або каменьчыкі, сасновыя шышкі і інш.). Упоперак вузкай ямкі кладуць кароткую палачку, на яе — дошчачку. Потым па чарзе кожны гулец кладзе жолуд на апушчаны канец дошчачкі, б’е палкай па яе краі. Калі жолуд падлятае ўверх, гулец ловіць яго. Перамагае той, хто зловіць больш жалудоў. Гульня выпрацоўвае спрыт, жвавасць, трапнасць і дакладнасць рухаў.
Я.Р.Вількін.
т. 4, с. 324
ВЫСО́КІ ЦІСК,
ціск, значна большы за атмасферны ціск. Існуе ў паравых катлах, цыліндрах унутр. згарання, аўтаклавах, гідраўлічных прэсах (106—109 Па), у цэнтры Зямлі (да 109 Па), на многіх нябесных целах (у мільёны і нават мільярды разоў большы за ціск у цэнтры Зямлі). Заснавальнік фізікі высокіх ціскаў — амер. фізік П.У.Брыджмен.
Высокі ціск прыводзіць да дэфармацыі электронных абалонак атамаў, у выніку чаго зменьваюцца эл., магн., мех. і інш. ўласцівасці рэчываў. Пад высокім ціскам у некат. рэчывах адбываюцца паліморфныя ператварэнні з рэзкай зменай аб’ёму і эл. супраціўлення, значна зменьваецца пункт плаўлення, а паўправаднікі і дыэлектрыкі пераходзяць у металічны стан. Высокі ціск выкарыстоўваецца для атрымання матэрыялаў з асаблівымі фіз. ўласцівасцямі (звышцвёрдых, звыштрывалых, тэмператураўстойлівых і г.д.), напр. штучнага алмазу, кварцу высокай шчыльнасці; для гідраўлічнай экструзіі металаў (апрацоўка металаў метадам выціскання); для геафізікі і геахіміі зямных нетраў і г.д.
На Беларусі даследаванні па высокім ціску праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН і інш.
Літ.:
Верещагин Л.Ф. Твердое тело при высоких давлениях: Избр. тр. М., 1981;
Влияние высоких давлений на вещество. Т. 1—2. Киев, 1987.
В.Б.Шыпіла.
т. 4, с. 324
ВЫСО́ЛЬВАННЕ,
тэхналагічны працэс выдзялення рэчыва з яго раствору шляхам прыбаўлення іншага рэчыва (найчасцей солі) з большай растваральнасцю. Пры высольванні рэчыва, якое высольваецца, утварае новую вадкую ці газавую фазу або цвёрды асадак. Выкарыстоўваюць у хім. тэхналогіі для вылучэння каштоўных рэчываў, у вытв-сці мыла, фарбавальнікаў і інш.
т. 4, с. 324
ВЫСО́ЦКАЯ Надзея Фёдараўна
(н. 25.7.1943, г. Курган, Расія),
бел. мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1994), праф. (1996). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў С.-Пецярбургу (1971). З 1964 працуе ў Дзярж. маст. музеі Беларусі. Даследуе выяўл. мастацтва Беларусі 12—18 ст. Аўтар прац: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.: Фрэска, абраз, партрэт» (1980, з Т.А.Карповіч), «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.:» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш. Выкладала курсы ўсеагульнай гісторыі мастацтва і бел. мастацтва, а таксама арганізавала выстаўкі: стараж. бел. мастацтва ў Італіі, Іспаніі, Расіі, Францыі; праваслаўнай і каталіцкай бел. іканаграфіі ў Оксфардскім і Еўрапейскім гуманіт. (Мінск) ун-тах. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Три иконы XVIII в. из села Бастеновичи // Проблемы развития зарубежного искусства. Л., 1975. Вып. 5;
«Ирмолог» Иоанна Рополевского «витебского» // Проблемы развития зарубежного искусства. Л., 1977. Вып. 7;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд. Мн., 1995.
А.В.Кашкурэвіч.
т. 4, с. 324
ВЫСО́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура канца бронзавага і пач. жалезнага вякоў (10—6 ст. да н.э.), пашыраная на З Валыні — Пн Прыкарпацця (Львоўская і Цярнопальская вобл. Украіны). Назва ад могільніка каля с. Высоцкае Львоўскай вобл., Украіна. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у паўзямлянкавых жытлах з агнішчамі або каменнымі пячуркамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, радзей трупаспаленне ў бескурганных, пазней і ў курганных могільніках. Вырабляла цюльпанападобныя і слоікавыя пасудзіны, гліняныя культавыя фігуркі птушак; карысталася бронзавымі, радзей жал. прыладамі працы і зброяй, таксама каменнымі сякерамі, крамянёвымі сярпамі і наканечнікамі стрэл, бронзавымі ўпрыгожаннямі. Зрабіла пэўны ўплыў на мілаградскую культуру. Паводле археолага Ю.У.Кухарэнкі, помнікі Высоцкай культуры трапляюцца ў межах Беларусі ў сярэднім цячэнні р. Гарынь і на р. Сцвіга.
С.Я.Рассадзін.
т. 4, с. 324
ВЫСО́ЦКІ Георгій Мікалаевіч
(19.2.1865, с. Мікітаўка Сумскай вобл., Украіна — 6.4.1940),
савецкі глебазнавец, лесавод і геабатанік; адзін з заснавальнікаў навук. стэпавага лесаразвядзення і лесамеліярацыі; заснавальнік лясной доследнай справы на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1934) і АН УССР (1939). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1890). У 1923—25 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі; у 1924—26 заг. Мінскай (з 1926 Цэнтральнай) лясной доследнай станцыі. На Беларусі праводзіў метэаралагічныя і гідралагічныя даследаванні, паклаў пачатак навук. тыпалагічнай класіфікацыі лясоў, даў геабат. характарыстыку расліннасці на Пд рэспублікі. Навук. працы па ахоўным лесаразвядзенні, глебавай гідралогіі, ландшафтазнаўстве.
Тв: Избр. соч. Т. 1—2. М., 1962.
т. 4, с. 324