ВЫСО́ЦКІ Георгій Мікалаевіч

(19.2.1865, с. Мікітаўка Сумскай вобл., Украіна — 6.4.1940),

савецкі глебазнавец, лесавод і геабатанік; адзін з заснавальнікаў навук. стэпавага лесаразвядзення і лесамеліярацыі; заснавальнік лясной доследнай справы на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1934) і АН УССР (1939). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1890). У 1923—25 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі; у 1924—26 заг. Мінскай (з 1926 Цэнтральнай) лясной доследнай станцыі. На Беларусі праводзіў метэаралагічныя і гідралагічныя даследаванні, паклаў пачатак навук. тыпалагічнай класіфікацыі лясоў, даў геабат. характарыстыку расліннасці на Пд рэспублікі. Навук. працы па ахоўным лесаразвядзенні, глебавай гідралогіі, ландшафтазнаўстве.

Тв: Избр. соч. Т. 1—2. М., 1962.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)