Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЎЧО́,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка (выцякае з возера), за 1,5 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,38 км², даўж. 1,28 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 3,28 км. Пл. вадазбору 78,4 км².

Схілы катлавіны выш. 5—17 м, пераважна разараныя, на ПдУ парослыя лесам. Берагі месцамі пад хмызняком. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. На Пд упадаюць ручаі з азёраў Вечалле і Дземінец.

т. 4, с. 45

ВАЎЧО́К,

гл. Заразіха.

т. 4, с. 46

ВАЎЧО́К Алесь, бел. нар. казачнік. Селянін з в. Крылоўшчына Навагрудскага пав. У 1901 польскі лінгвіст Э.Кліх запісаў ад яго 18 казак і апавяданняў, урыўкі з якіх надрукаваў, дакладна перадаўшы асаблівасці мясц. дыялекту. У традыц. бытавых казачных сюжэтах («Як поп цяліўся», «Марка Багаты» і інш.) Ваўчок самабытна развіваў сац. матывы, жыва перадаваў жанравыя сцэнкі.

Тв.:

[Казкі] // Materiały i prace Komisji językowej Akademii Umiejętności. Krakόw, 1903. T. 2, z. 1.

т. 4, с. 46

ВАЎЧО́К Марка

(сапр. Вілінская-Марковіч Марыя Аляксандраўна; 22.12.1834, с. Екацярынінскае Ліпецкай вобл., Расія — 10.8.1907),

украінская і руская пісьменніца. Жонка ўкр. фалькларыста і этнографа А.В.Марковіча. Пісала на ўкр., рус. і франц. мовах. Выдавала час. «Переводы лучших иностранных писателей» (1871—72, Пецярбург). У зб-ках «Народныя апавяданні» (1857) і «Апавяданні з народнага рускага побыту» (1859) рэалістычна адлюстроўвала жыццё прыгонных сялян да рэформы 1861. У аповесцях і раманах на рус. мове («Глухі гарадок», 1862; «Жывая душа», 1868; «Цёплае гняздзечка», 1873, і інш.) выкрывала гніласць дзярж. ладу царскай Расіі, высмейвала прадажнае чыноўніцтва, інтэлігентаў-філантропаў, бурж. лібералаў. Збірала ўкр. і рус. фальклор. Пераклала на рус. мову 15 раманаў Ж.Верна, творы Х.К.Андэрсена, Б.Пруса, А.Брэма, Ч.Дарвіна.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1964—67;

Твори. Т. 1—2. Київ, 1983.

В.А.Чабаненка.

т. 4, с. 46

ВАЎЧУ́К,

гл. Стальнік.

т. 4, с. 46