БРЫСТО́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў
(Bristol Channel),
заліў Атлантычнага ак., каля паўд.-зах. берагоў Вялікабрытаніі. Уразаецца ў сушу на 230 км, шыр. каля ўвахода 126 км, глыб. да 50 м. Берагі моцна парэзаны. Прылівы паўсутачныя (да 14,4 м). Асн. парты: Брысталь (злучаны каналам з Лонданам), Кардыф, Ньюпарт (Вялікабрытанія).
т. 3, с. 278
БРЫТА́НІЯ
(лац. Britannia),
адна з стараж. назваў сучаснай Англіі (Вялікабрытанія). Паходзіць ад назвы кельцкіх плямёнаў — брытаў, якія насялялі Брытанію ў 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. З 43 н.э. — рымская правінцыя (Britannia Romana). Назва «Англія» замацавалася пасля англасаксонскага заваявання (5—6 ст.).
т. 3, с. 278
БРЫТА́НСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Лондане, нацыянальная б-ка Вялікабрытаніі. Засн. ў 1972 на базе б-кі Брытанскага музея (створаны ў 1753 на аснове прыватных калекцый і б-кі каралёў Англіі ад Эдуарда IV да Георга IV), Нац. цэнтр. б-кі (з 1916), Брыт. нац. каталога (з 1950), Нац. б-кі навукі і тэхнікі (хатні абанемент). У фондах б-кі больш за 21 млн. аддз. захоўвання (1995). Захоўвае бібліятэчныя матэрыялы на англ. мове, узорную выдавецкую прадукцыю свету. Брытанская бібліятэка — рэгіянальны н.-д. і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства і навук. інфармацыі з аўтаматызаванымі сродкамі апрацоўкі бібліяграфічна-каталогавых матэрыялаў (друк. каталогі і каталогавыя карты на магнітных стужках і мікраформах), мае сістэму інфармац. абслугоўвання (system BLAISE — British Automated Information service); пры дапамозе цэнтралізаванай камп’ютэрнай сістэмы (адзіная ў свеце) праводзіць міжбібліятэчны і міжнар. кнігаабмен. Забяспечвае ахову аўтарскіх правоў.
т. 3, с. 278
БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ
(British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.
т. 3, с. 278
БРЫТА́НСКАЯ КАЛУ́МБІЯ
(Britich Columbia),
правінцыя на З Канады. Уключае таксама а-вы Ванкувер, Каралевы Шарлоты і інш. Пл. 947,8 тыс. км². Нас. 3282 тыс. чал. (1995). Адм. ц. — г. Вікторыя. На У — Скалістыя горы (г. Робсан, 3954 м), на З — Берагавы хр. (г. Уодынгтан, 4042 м), паміж імі — унутр. плато выш. каля 1000 м. У прыморскай ч. клімат мяккі, вільготны, у гарах — суровы (зімой да -50 °C). Ападкаў ад 2400 мм на ўзбярэжжы да 300 мм у міжгорных далінах. Шмат азёр. Большая ч. тэр. пад хвойнымі лясамі. Здабываюць вугаль, медзь, серабро, золата, цынк, свінец, малібдэн, нафту, прыродны газ. На рэках Піс-Рывер, Калумбія і інш. значныя ГЭС, якія выпрацоўваюць каля 80% усёй электраэнергіі. Каляровая металургія — выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, серабра. Машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць лесапрамысл. і горнага абсталявання), хім., харч., цэлюлозна-папяровая прам-сць. Сельская гаспадарка ў далінах рэк на З пераважна прыгарадная (малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, пладаводства). На ўзбярэжжы рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, палтус) і рыбаперапр. прам-сць. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты і прамысл. цэнтры — Ванкувер, Вікторыя.
т. 3, с. 278
БРЫТА́НСКАЯ САДРУ́ЖНАСЦЬ НА́ЦЫЙ , гл. ў арт. Садружнасць.
т. 3, с. 278
«БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»,«Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica), амерыканская выдавецкая фірма ў Чыкага. Засн. на пач. 1940-х г. Выдае Брытанскую энцыклапедыю, галіновыя энцыклапедыі, слоўнікі, л-ру для дзяцей і юнацтва, маст. і інш. л-ру. Мае аддзяленні ў Лондане, Таронта, Жэневе, Токіо.
т. 3, с. 278
БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ,
«Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.
В.К.Шчэрбін.
т. 3, с. 278
БРЫТА́НСКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў на ПнЗ Еўропы, паміж Паўночным м. і Атлантычным ак. Агульная пл. каля 325 тыс. км². Ад мацерыковай ч. Еўропы аддзелены пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш, Паўночным м. У складзе Брытанскіх астравоў 2 вял. а-вы — Вялікабрытанія і Ірландыя, архіпелагі: Гебрыдскія астравы, Аркнейскія астравы, Шэтлендскія астравы, а таксама больш дробныя а-вы: Англсі, Мал, Мэн, Скай і інш. На Брытанскіх астравах дзяржавы Вялікабрытанія і Ірландыя.
т. 3, с. 279