Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЛА́НКЕНБУРГ

(Blankenburg am Harz),

гразекліматычны курорт у Германіі. На ПдЗ ад г. Магдэбург у адгор’ях гор Гарц. Як цэнтр адпачынку і турызму (у т. л. міжнароднага) вядомы з 19 ст., як курорт развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Умерана кантынент. клімат з мяккай зімой і цёплым Летам, вял. масівы лісцевых лясоў, ахаванасць курорта ад вятроў, тарфяныя гразі, маляўнічыя ландшафты спрыяюць эфектыўнаму лячэнню хвароб апорна-рухальнай, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм. У Блакенбургу і паблізу аб’екты турызму: арх.-гіст. помнікі 12—18 ст., помнік прыроды «Чортава сцяна», стромая скала Рэгенцгтайн з рэшткамі замка 12 ст., гара Брокен (паводле герм. легенды — месца збору ведзьмаў у Вальпургіеву ноч), музеі і інш.

т. 3, с. 187

БЛА́НКІ,

бланкаванне, 1) абарончая сценка баявой галерэі з байніцамі для стральбы.

2) Зубчатае завяршэнне мураванай вежы або сцяны.

т. 3, с. 187

БЛАНКІ́

(Blanqui) Луі Агюст (7.2.1805, Пюжэ-Тэнье, каля г. Ніцца, Францыя — 1.1.1881),

французскі рэвалюцыянер, камуніст-утапіст. Удзельнік рэвалюцыі 1830 і 1848. У 1835—39 арганізатар і кіраўнік тайных гурткоў «Т-ва сем’яў» і «Т-ва пораў года». У 1839 і 1870 беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць пераварот у Францыі. Двойчы прыгавораны да смерці, 37 гадоў быў зняволены. Стваральнік канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту; лічыў, што будучаму грамадству павінен папярэднічаць перыяд дыктатуры групы рэвалюцыянераў, якія шляхам адукацыі прывядуць народ да камунізму. Бланкізм зрабіў уплыў на рэв. рух інш. краін, у т. л. Расіі (гл. Народніцтва). Асн. твор. — «Сацыяльная крытыка» (т. 1—2, 1885).

т. 3, с. 187

БЛАНТА́ЙР-ЛІ́МБЕ

(Blantyre-Limbe),

Блантайр, горад на Пд Малаві. Складаецца з 2 гарадоў — Блантайра і Лімбе (аб’яднаны ў 1956). 402,5 тыс. ж. (1993). Чыгункай злучаны з портам Бейра (Мазамбік). Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Прадпрыемствы харчасмакавай (тытунь, чай, арахіс), лёгкай, паліграф. прам-сці. Тытунёвы аўкцыён. Нац. Музей.

т. 3, с. 188

БЛА́НТЭР Мацвей Ісакавіч

(10.2.1903, г. Почап Бранскай вобл. — 24.9.1990),

савецкі кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Займаўся кампазіцыяй у Г.Канюса. Адзін з заснавальнікаў сав. песні. Найб. папулярнасць набылі песні «Кацюша», «Партызан Жалязняк», «Песня аб Шчорсе», «У лесе прыфрантавым», «Пад зоркамі балканскімі», «Перад далёкай дарогай». Аўтар аперэт, у т. л. «На беразе Амура» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Зак В. Матвей Блантер. М., 1971.

т. 3, с. 188

БЛАНШЫ́РАВАННЕ

(ад франц. blanchir бяліць, абліваць кіпенем),

1) у харчовай прамысловасці — апрацоўка пладоў і агародніны гарачай вадой, парай. Засцерагае агародніну ад пацямнення і аблягчае варку варэння, ужываюць у вытв-сці він, пры вяленні вінаграду і інш. 2) У гарбарнай вытворчасці — зняцце з ніжняга боку скуры рэшткаў падскурнай клятчаткі. Бланшыраваннем надаюць паверхні гладкасць і выраўноўваюць таўшчыню скуры па ўсёй паверхні.

т. 3, с. 188

БЛА́СКА ІБА́НЬЕС

(Blasco Ibánez) Вісентэ (29.1.1867, г. Валенсія, Іспанія — 28.1.1928),

іспанскі пісьменнік. Скончыў Валенсійскі ун-т (1888). У ранніх творах адчувальны ўплыў рамантызму (гіст. раман «Граф Гарсі-Фернандэс», антыклерыкальны раман-фельетон «Чорнае павуцінне», апрацоўкі легендаў і паданняў). Аўтар раманаў і апавяданняў пра Валенсію «Бесшабашнае жыццё» (1894), «Майская кветка» (1895), «Хутар» (1898), «У апельсінавых садах» (1900), зб. «Валенсіянскія апавяданні» (1896) і інш. Вызначальны творчы метад Бласкі Ібаньеса — рэалізм з элементамі натуралізму. Напісаў цыклы сац.-тэндэнцыйных («Сабор», 1903; «Нязваны госць», 1904; «Вінны склад», «Арда», абодва 1905) і філас.-псіхал. раманаў («Голая маха», 1906; «Кроў і пясок», 1908; «Мёртвыя валадараць», 1909). Падзеі 1-й сусв. вайны ў раманах «Чацвёра вершнікаў Апакаліпсіса» (1916), «Наша мора» (1918), «Ворагі жанчын» (1919). Раманы «Зямля для ўсіх», «Каралева Калафія» (абодва 1923) з задуманага цыкла твораў пра Паўд. Амерыку, раман «У пошуках Вялікага Хана» (1928) пра Х.Калумба.

Тв.:

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1910—12;

Избр. произв. Т. 1—3. М.; Л., 1959;

Солнце мертвых. М., 1965.

Літ.:

Плавскин З.И. Иснанская литература XIX—XX веков. М., 1982.

Е.А.Лявонава.

т. 3, с. 188

БЛА́СТА...

(ад грэч. blastos парастак, зародак),

першая састаўная частка складаных слоў — біял. і мед. тэрмінаў, якая паказвае на сувязь з зародкам, напр. бластамікозы, бластацыста.

т. 3, с. 188

БЛАСТАДЭРМІ́ЧНЫ ПУЗЫРО́К,

гл. Бластацыста.

т. 3, с. 188

БЛАСТАІДЭ́І

(Blastoidea),

марскія бутоны, клас вымерлых ігласкурых. Больш за 50 родаў, 300 відаў. Вядомы з ардовіку да пярмі ўключна ў Еўропе, Казахстане, Паўн. Амерыцы, Інданезіі. На Беларусі рэшткі знойдзены пераважна ў пародах ардовіку. Жылі ў морах.

Цела даўж. да 35 см складалася з кароны, утворанай бутонападобнай чашачкай — тэкай са шматлікімі «ручкамі» — брахіёламі, і сцябла. Пад чашачкай знаходзілася сістэма вапняковых трубачак, якія служылі, верагодна, для дыхання. Рэшткі некаторых бластаідэй — вызначальнікі ўзросту каменнавугальных і пермскіх адкладаў.

т. 3, с. 188