БЛАСТАІДЭ́І

(Blastoidea),

марскія бутоны, клас вымерлых ігласкурых. Больш за 50 родаў, 300 відаў. Вядомы з ардовіку да пярмі ўключна ў Еўропе, Казахстане, Паўн. Амерыцы, Інданезіі. На Беларусі рэшткі знойдзены пераважна ў пародах ардовіку. Жылі ў морах.

Цела даўж. да 35 см складалася з кароны, утворанай бутонападобнай чашачкай — тэкай са шматлікімі «ручкамі» — брахіёламі, і сцябла. Пад чашачкай знаходзілася сістэма вапняковых трубачак, якія служылі, верагодна, для дыхання. Рэшткі некаторых бластаідэй — вызначальнікі ўзросту каменнавугальных і пермскіх адкладаў.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)