Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎСЯ́НКІ

(Emberiza),

род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г. Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.

т. 2, с. 107

АЎСЯ́НКІН Вадзім Аўдзеевіч

(8.4.1939, г. Палтава, Украіна — 15.6.1968),

бел. спартсмен (самалётны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1967). Чэмпіён свету ў камандным і асабістым заліках (1964, Більбао, Іспанія) і сярэбраны прызёр у асабістым заліку (1966, Масква). Чэмпіён СССР (1963) па вышэйшым пілатажы, абсалютны чэмпіён СССР і Усесаюзнай спартакіяды па тэхн. відах спорту (1965). Загінуў у час паказальнага парнага палёту.

т. 2, с. 107

Аўсяннікаў Міхаіл Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 338

АЎСЯ́НЫ КІСЕ́ЛЬ,

старадаўняя бел. мучная страва. Варылі з аўсянай мукі грубага памолу, часам з вотруб’я. Муку залівалі вадой і ставілі на ноч у цёплае месца. Раніцай выціскалі на рэшаце (сітку) і цэд варылі. Пасля разлівалі ў посуд і ставілі ў халоднае месца, каб кісель застыў. Елі з алеем, малаком, маслам, сытою. На посную куццю аўсяны кісель быў адной з абрадавых страў. Сыры цэд давалі дзецям ад глістоў. Вадкі аўсяны кісель наз. журам.

т. 2, с. 108