А́ТАМНЫ РА́ДЫУС,
характарыстыка атама, якая дазваляе ацэньваць міжатамную адлегласць у малекулах і крышталях. Паводле квантавай механікі атаму прыблізна прыпісваюць некаторы памер — атамны радыус (каля 0,1 нм); адлегласць паміж 2 атамамі вызначаюць як велічыню, блізкую да сумы іх радыусаў (т.зв. адытыўнасць атамнага радыуса).
т. 2, с. 68
А́ТАМНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
гл. Ядзерны ракетны рухавік.
т. 2, с. 68
А́ТАМНЫ ФЛОТ
(ваен.),
сукупная назва караблёў і суднаў рознага класа з ядзернымі энергет. ўстаноўкамі. Уключаюць атамныя падводныя лодкі і надводныя караблі. Развіваецца з 1950-х г. (першая атамная падводная лодка ў ЗША здадзена ў эксплуатацыю ў 1954). Атамныя падводныя лодкі ёсць у ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, КНР. Надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры і інш.) уваходзяць у склад ВМС ЗША і ВМФ Расіі. Атамны флот валодае значна большым энергетычным і баявым патэнцыялам у параўнанні з караблямі такога класа са звычайнымі энергет. ўстаноўкамі.
т. 2, с. 68
АТАНА́ЛЬНАСЦЬ
(ад а... + танальнасць),
адсутнасць класічнай танальнасці ў музыцы. Тэрмін узнік на пач. 20 ст. для абазначэння новай дысанантнай, заснаванай на 12-тонавасці музыкі, пазбаўленай класічнай мажора-мінорнай цэнтралізацыі.
Новая сістэма кампазіцыі, якая кампенсуе адсутнасць класічных танальных сувязяў і засцерагае музыку ад гукавой анархіі, распрацавана аўстр. муз. тэарэтыкам А.Шонбергам (гл. таксама Дадэкафонія, Серыйная тэхніка). Над абгрунтаваннем прынцыпаў дысанантнай музыкі з 1950-х г. працавалі І.Руфер (Германія), Ю.Халопаў, М.Тараканаў (Расія) і інш. У 1980-я г. разам з Атанальнасцю ўзнікла паняцце атанікальнасці як асаблівай танальнай структуры без рэальна выяўленай тонікі, але з відавочнымі танальнымі сувязямі. Атанікальнасць вылучае 4 тыпы (станы) танальнасці: лунаючую, пераменную, шматзначную і знятую.
На 12-тонавасці засн. многія творы бел. кампазітараў Дз.Смольскага, С.Картэса, В.Войціка, Р.Суруса, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага і інш., дзе кантраст танальных і атанальных эпізодаў служыць для рэалізацыі асаблівай маст. задумы.
Т.Г.Мдывані.
т. 2, с. 69
АТАНА́САЎ
(Atanassoff) Сірыл (н.30.6.1941, Пюто, каля Парыжа),
французскі артыст балета. Вучыўся ў балетнай школе пры Парыжскай оперы, з 1957 у трупе гэтага т-ра. Танцоўшчык героіка-рамант. плана. Яго выкананню ўласцівы эмацыянальнасць і элегантнасць. Сярод партый: Альберт («Жызэль» А.Адана), Шчаўкунок, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Цар Іван («Іван Грозны» на муз. С.Пракоф’ева), у балеце «Агон» І.Стравінскага. Прэмія В.Ф.Ніжынскага (Парыж, 1975).
т. 2, с. 69
АТАНІ́Я
(ад грэч. atonia расслабленасць, вяласць),
адсутнасць фізіял. тонусу ў мышцах шкілета і ўнутраных органаў. Узнікае пры захворванні нерв. сістэмы, унутр. органаў, пры эндакрынных і інфекц. хваробах, недастатковым харчаванні і парушэнні абмену рэчываў. Можа быць прыроджаная і набытая. Ва ўнутр. органах трапляецца атанія страўніка (парушэнне стрававання), кішак (запоры), маткі пры родах (цяжкія роды) і пасля родаў (крывацёк). Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення, лакалізацыі і ступені пашкоджання.
т. 2, с. 69
АТА́Н-ЛАРА́
(Autant-Lara) Клод (н. 5.8.1903, г. Люзарш, Францыя),
французскі кінарэжысёр. Дэбютаваў у кіно ў 1919 як мастак. У 1930 зняў адну з першых шырокафарматных стужак «Раскладанне агню». У 1933 дэбютаваў у гукавым кіно (камедыя «Цыбулька»). З 1939 ставіў фільмы-экранізацыі: «Шлюб Шыфон», «Любоўныя лісты», «Пяшчотная»; сярод лепшых — паводле рамана Стэндаля «Чырвонае і чорнае» (1954). У фільмах 1950—70-х г. адчуваюцца сац. накіраванасць, антываен. пратэст: «Д’ябал у цялесным вобразе», «Праз Парыж», «Не забі», «Бульба», «Дзённік жанчыны ў белым», «Новы дзённік жанчыны ў белым», «Глорыя».
т. 2, с. 69
АТАПА́СКІ,
атабаскі (саманазва дэнэ, на-дэнэ), група роднасных па мове індзейскіх плямёнаў (апачы, навахі, чайпеваі, кучыны, кенайцы і інш.). Патомкі перадапошняй міграцыйнай хвалі з Азіі ў Паўн. Амерыку (12 ст.). Жывуць на Алясцы, на Пн Канады, на ўзбярэжжы Ціхага ак. ад штата Вашынгтон да паўд.-ўсх. Каліфорніі, у штатах Арызона, Нью-Мексіка, Аклахома. Частка асімілявана амер. культурай, але большасць жыве з паляўніцтва, гандлю футрам, рыбалоўства.
т. 2, с. 69
АТА́РА,
статак авечак, які фарміруецца для сумеснай пасьбы і ўтрымання. У атару адбіраюць жывёл адной пароды, аднародных паводле полу, узросту, племянной каштоўнасці, а матак — з улікам тэрмінаў іх асемянення. Памер атары 200—1000 галоў. На племянных фермах атары на 20% меншыя, чым на прамысловых.
т. 2, с. 69