АТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад а... + танальнасць),

адсутнасць класічнай танальнасці ў музыцы. Тэрмін узнік на пач. 20 ст. для абазначэння новай дысанантнай, заснаванай на 12-тонавасці музыкі, пазбаўленай класічнай мажора-мінорнай цэнтралізацыі.

Новая сістэма кампазіцыі, якая кампенсуе адсутнасць класічных танальных сувязяў і засцерагае музыку ад гукавой анархіі, распрацавана аўстр. муз. тэарэтыкам А.​Шонбергам (гл. таксама Дадэкафонія, Серыйная тэхніка). Над абгрунтаваннем прынцыпаў дысанантнай музыкі з 1950-х г. працавалі І.​Руфер (Германія), Ю.​Халопаў, М.​Тараканаў (Расія) і інш. У 1980-я г. разам з атанальнасцю ўзнікла паняцце атанікальнасці як асаблівай танальнай структуры без рэальна выяўленай тонікі, але з відавочнымі танальнымі сувязямі. Атанікальнасць вылучае 4 тыпы (станы) танальнасці: лунаючую, пераменную, шматзначную і знятую.

На 12-тонавасці засн. многія творы бел. кампазітараў Дз.​Смольскага, С.​Картэса, В.​Войціка, Р.​Суруса, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага і інш., дзе кантраст танальных і атанальных эпізодаў служыць для рэалізацыі асаблівай маст. задумы.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)