ВАЛЧЭ́ЦКІ Леанід Паўлавіч
(18.9.1913, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.10.1991),
бел. тэатр. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1963). Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1931), тэатр. студыю пры Бел. дзярж. т-ры ў Віцебску (1933), дзе працаваў з 1931. У 1951—74 дырэктар Брэсцкага абл. драм. т-ра імя Ленінскага камсамола Беларусі. Аўтар кн. «Гады, спектаклі, ролі...» (1974), артыкулаў па праблемах т-ра.
т. 3, с. 487
ВАЛЫ́НАЎ Барыс Валянцінавіч
(н. 18.12.1934, г. Іркуцк, Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1969). Скончыў Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча (1956), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 15—18.1.1969 з А.С.Елісеевым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Саюз-5», які ў час палёту састыкоўваўся з караблём «Саюз-4» (У.А.Шаталаў); 6.7—24.8.1976 з В.М.Жолабавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-21» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». У космасе правёў 52,3 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.
т. 3, с. 488
ВАЛЫ́НА-ПАДО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША , гл. Валынскае ўзвышша і Падольскае ўзвышша.
т. 3, с. 487
ВАЛЫ́НА-ПАДО́ЛЬСКАЯ ПЛІТА́,
паўднёва-заходняя частка Усх.-Еўрап. платформы паміж Украінскім шчытом і Усх. Карпатамі. Складкавыя геасінклінальныя структуры Усх. Карпат аддзелены ад Валына-Падольскай пліты Тэйсейра-Торнквіста лініяй (на гэтым участку — Рава-Рускім глыбінным разломам). Крышталічны фундамент пліты складзены з архейска-сярэднепратэразойскіх метамарфічных парод, мае разломна-блочную будову, апускаецца на ПдЗ да 6—8 км, перакрыты верхнепратэразойска-кайназойскімі адкладамі. Платформавая структура пліты ўтварылася ў выніку фарміравання прагінаў рознага ўзросту і распасцірання, накладзеных адзін на адзін. Асн. карысныя выкапні: нафта, каменны вугаль.
Г.У.Зінавенка.
т. 3, с. 487
ВАЛЫНЕ́Ц Аляксандр Патапавіч
(н. 2.2.1935, в. Берказы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Д-р біял. н. (1974). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). З 1961 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі дзеяння гербіцыдаў, рэгулятарных механізмах патагенезу і фітаімунітэту. Выяўлена здольнасць прыродных фенолаў рэгуляваць рост клетак расцягваннем. Распрацаваны метады аналізу фітагармонаў і фенольных злучэнняў, спосабы павелічэння ўстойлівасці і прадукцыйнасці раслін.
Тв.:
Ароматические оксисоединения — продукты и регуляторы фотосинтеза. Мн., 1983 (разам з А.П.Прохарчыкам);
Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988 (у сааўт.);
Физиология плодообразования люцерны. Мн., 1989 (у сааўт.).
т. 3, с. 488
ВАЛЫНЕ́Ц Андрэй Іванавіч
(19.1.1904, в. Жаўткі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.3.1965),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, за што ў 1935—39 зняволены ўладамі Польшчы. З ліп. 1941 адзін з арганізатараў Вілейска-Куранецкага патрыятычнага падполля. Вясной 1942 стварыў і ўзначаліў партыз. групу, якая пераўтворана пазней у атрад, з кастр. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь». Пад яго кіраўніцтвам у Куранецкім, Маладзечанскім і Смаргонскім р-нах была створана сетка падп. арг-цый. Пасля вайны на сав. Рабоце.
т. 3, с. 488
ВАЛЫНЕ́Ц Вячаслаў Іванавіч
(н. 2.7.1948, в. Ятвезь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Яго творы вызначаюцца выразнасцю малюнка, глыбокім псіхалагізмам персанажаў: цыкл трыптыхаў «Поры года» (1977), «Пад старой грушай», «Зімовы пейзаж» (абодва 1980), «Ахвяра», «Мёртвая вёска», «Багаты сусед», «Антрапагенны ландшафт», серыя «Дварнягі» (1990—96) і інш. Аформіў кнігі: «Беларускія народныя казкі» (1993), казкі братоў Грым «Чарадзейная хатка» (1994) і інш.
т. 3, с. 488
ВАЛЫНЕ́Ц Мікалай Іванавіч
(н. 3.4.1921, в. Цалевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940). Працуе ў жанры партрэта і пейзажа. Аўтар партрэтаў невядомага салдата (1946), франтавой медсястры (1949), мастакоў С.Андруховіча (1964) і Л.Лейтмана (1974), сына Мікалая (1985), лётчыка В.І.Коўзана (1990) і інш.; пейзажаў «Залатая восень», «Рэчка ў Чамярах» (1950), «Млын на Банцараўшчыне» (1955), «Універсітэцкі гарадок» (1995), «Раніца ў Белавежскай пушчы» (1996) і інш. У шматпланавым творы «Касмічная паэма» (1986—94) увасобіў свой погляд на мінулае, сучаснасць і будучыню чалавецтва, на суіснаванне чалавека і прыроды.
т. 3, с. 488
ВАЛЫНЕ́Ц Флягонт Ігнатавіч
(8.1.1879, г. Вілейка Мінскай вобл. — 3.11.1937),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Працаваў настаўнікам, страхавым агентам. З 1916 у арміі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 гар. галава Вілейкі, старшыня гарсавета. У 1926—29 чл. Вілейскага пав. к-та Бел. сялянска-работніцкай грамады, старшыня Вілейскай акр. управы, чл. Гал. управы Т-ва Бел. школы. У 1928 і 1930 выбраны дэп. польскага сейма. Адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі «Змаганне». Чл. КПЗБ з 1932. Няраз быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены. У выніку абмену палітвязнямі з 1932 у СССР. Працаваў у Наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ Беларусі, у 1934 прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі лагераў на Салаўках. У 1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.
У.М.Міхнюк.
т. 3, с. 488
ВАЛЫНЕ́ЦКІ РАЁН.
Існаваў у БССР у 1924—29. Утвораны ў складзе Полацкай акругі. Цэнтр — мяст. Валынцы. Пл. 833 км², 558 нас. пунктаў, нас. 28 766 чал. (на 1.1.1925). Падзяляўся на 9 сельсаветаў. У сувязі з пераносам адм. цэнтра раёна з мяст. Валынцы ў мяст. Боркавічы перайменаваны ў Боркавіцкі раён.
т. 3, с. 488