ВАЛО́САВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Акцябрскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г.п. Акцябрскі, 168 км да Гомеля, 27 км да чыг. ст. Рабкор. 487 ж., 177 двароў (1995). З-д па вытв-сці сыру. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 3, с. 485
ВАЛО́ЎКА,
Валова, Валуйка, рака ў Беларусі, у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток Нёмана. Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 253 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне г. Навагрудак. Асн. прыток р. Оса. Даліна выразная, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай Нёмана. Пойма вузкая, двухбаковая, нізінная. Рэчышча звілістае, на працягу 5 км каналізаванае.
т. 3, с. 485
ВАЛО́ЧНАЯ ПАМЕ́РА,
аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял. князя Жыгімонта І), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах. землях ВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.
т. 3, с. 485
ВАЛО́ШЫН
(сапр. Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч (28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),
рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт. зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1977;
Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;
Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.
Літ.:
Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.Волошина). Киев, 1978;
Волошинские чтения. М., 1981;
Пейзажи Максимилиана Волошина. Л., 1970.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 485
ВАЛО́ШЫН Павел Пятровіч
(10.7.1891, в. Гаркавічы Беластоцкага ваяв., Польшча — 3.11.1937),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў арміі, з 1919 у дзянікінскай арміі, потым у Чырв. Арміі. Уваходзіў у Бел. с.-д. партыю, потым — у Бел. партыю незалежных сацыялістаў. З 1923 пасол сейма, чл. Беларускага пасольскага клуба, адзін з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, чл. яе ЦК (1926—27). З 1926 чл. КПЗБ. У 1927 арыштаваны польск, ўладамі і па працэсе 56-і прыгавораны да 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1932 у СССР. Працаваў у ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі БССР, Бел. дзярж. б-цы, Бібліягр. ін-це, займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1933 арыштаваны органамі НКУС, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі лагераў на Салаўках. У 1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Я.І.Мікула, У.М.Міхнюк.
т. 3, с. 485
ВА́ЛТАРЫ
(Waltari) Міка Тоймі (19.9.1908, Хельсінкі — 27.8.1979),
фінскі пісьменнік. Чл. Фінскай АН (з 1957). Вывучаў тэалогію, філасофію і гісторыю л-ры ў Хельсінкскім ун-це. Падарожнічаў па розных краінах Еўропы, працаваў журналістам, займаўся літ. крытыкай. Дэбютаваў зб. мадэрнісцкіх вершаў «Уцёкі ад бога» (1925). З 1938 прафесійны літаратар. Праблемам сучаснасці прысвяціў раманы «Вялікія ілюзіі» (1928), «Апельсінавае зярнятка» (1931), «Чужак прыйшоў на двор» (1937), зб. навел «Волаты ўсе памерлі» (1930). Еўрап. вядомасць прынеслі гіст. раманы «Сінухе, егіпцянін» (1945), «Турмс Неўміручы» (1955), «Рымлянін Мінут» (1964), дзеянне якіх разгортваецца ў эпоху стараж. цывілізацый. Аўтар п’ес, перакладаў.
Тв.:
Рус. пер. — Синухе, египтянин. М., 1995;
Тайна царствия. Киев, 1995.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 3, с. 486
ВАЛТАСА́Р,
сын і суправіцель апошняга цара Вавілона Набаніда. Загінуў у 539 да н. э. ў час захопу Вавілона персамі. Паводле іудаісцкіх і хрысц. легенд (адлюстраваны ў Бібліі, у працах стараж.-грэч. гісторыка Герадота) у час балю («валтасараў баль»), які Валтасар наладзіў у ноч, калі персы захапілі Вавілон, на сцяне з’явіліся таямнічыя словы, якія былі растлумачаны як прароцтва гібелі Валтасара і падзелу Вавілонскага царства. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў мастацтве.
т. 3, с. 486
ВАЛТО́РНА
(ням. Waldhorn літар. лясны рог),
медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабой метал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар. інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец. муз. установах.
І.Дз.Назіна.
т. 3, с. 486
ВА́ЛТЭР
(Valters) Яніс Тэадоравіч (3.2.1869, г. Елгава, Латвія — 20.12.1932),
латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—97) у А.Кіўшэнкі і У.Макоўскага. Працаваў у Елгаве (да 1906), Дрэздэне (1906—17), з 1917 у Берліне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Пісаў жанравыя гар. сцэнкі, рэаліст. пейзажы, партрэты («Рынак у Елгаве», 1897, «Сірата», 1907).
т. 3, с. 486