БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,
акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.
Літ.:
Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;
Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;
Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;
Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;
Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;
Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.
т. 3, с. 293
БРЭ́СЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
гл. Падляска-Брэсцкая ўпадзіна.
т. 3, с. 294
БРЭ́СЦКАЯ ФА́БРЫКА СУВЕНІ́РАЎ.
Створана ў 1952 у г. Брэст як цэх па выкарыстанні адходаў Брэсцкай мэблевай ф-кі. З 1960 ф-ка цацак, з 1965 Брэсцкая фабрыка сувеніраў. У 1993 пабудаваны цэх па выпуску маст. мэблі. Асн. прадукцыя (1995); лялькі-матрошкі, шкатулкі інкруставаныя і размаляваныя, кантэйнеры для хлеба, сальніцы, апрацоўчыя дошкі, шахматы, шашкі, саламяныя латкі, цукерніцы, кошыкі.
т. 3, с. 294
БРЭ́СЦКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
гл. ў арт. Берасцейская эканомія.
т. 3, с. 294
БРЭ́СЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ САЛДА́Т 1905—07.
Пачаліся ў канцы 1905 у гарнізоне Брэсцкай крэпасці пад уплывам рэв. руху ў краіне і агітацыі Брэсцкай ваенна-рэв. арг-цыі РСДРП, Брэсцкай арг-цыі Польскай сацыяліст. партыі ў Літве (ППС у Літве) і Брэсцкага с.-д. к-та Бунда. 7.12.1905 рота артылерыі гарнізона арганізавала мітынг, у якім прынялі ўдзел 7, 11, 12, 15 і 16-я роты. Салдаты ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваннямі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх матросаў і зняволеных салдат-агітатараў Брэсцкага гарнізона, звольніць салдат звыштэрміновай службы, палепшыць умовы службы, не пасылаць войскі на задушэнне рабочых і сял. хваляванняў. Брэсцкая ваенна-рэв. арг-цыя РСДРП распаўсюдзіла ў крэпасці адозвы «Да салдат Брэст-Літоўскай крэпасці», «Да ўсіх салдат Брэст-Літоўскай крэпасці і гарнізона» і «26 патрабаванняў ніжніх чыноў Брэст-Літоўскага гарнізона». Камандаванне вымушана было задаволіць некаторыя патрабаванні. Выступленне артылерыстаў не знайшло падтрымкі і было задушана. 22—23.7.1906 выступілі салдаты 2-га асаднага артыл. палка, якія патрабавалі вызваліць арыштаваных таварышаў, атрымліваць усе газеты, палепшыць матэрыяльнае становішча. Камандаванне адмовілася задаволіць патрабаванні і пачало арышты. У адказ салдаты спалілі будынак афіцэрскага сходу, разграмілі краму, паранілі некалькіх афіцэраў. Паўстанцы былі акружаны і адведзены ў крэпасць. 700 удзельнікаў выступлення арыштаваны, 32 асуджаны на катаржныя работы. У 1907 адбыліся хваляванні салдат, якія патрабавалі палепшыць матэрыяльнае становішча, харчаванне, быт. ўмовы. Падача калектыўных скаргаў і петыцый працягвалася да канца 1907.
М.В.Біч, У.Г.Філякоў.
т. 3, с. 301
БРЭ́СЦКІЯ ГІ́ЛЬЗАВА-ПАПЯРО́СНЫЯ І ГІ́ЛЬЗАВЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ І ФА́БРЫКІ.
Дзейнічалі ў 1878—1914 у г. Брэст. Мелі машыны для рэзання паперы і кардону, пераплётныя і гільзавыя, станкі для вырабу гільзаў, метал. папяросныя машынкі; выкарыстоўвалі конныя прыводы і рухавікі, газава-бензінавыя і паравыя рухавікі (з 1905). Выраблялі гільзы папяросныя, у т. л. з муштукамі, гільзы для набівання папярос з маісавай паперы, кардон для муштукоў і скрынак. На кожнай мануфактуры за год выраблялася гільзаў на суму да 10—20 тыс. руб., працавала ад 16 (1885) да 200 (1892) рабочых. На кожнай ф-цы штогод выраблялі прадукцыі на суму да 26—40 тыс. руб., працавала ад 100 (1896) да 25 (1910) рабочых.
т. 3, с. 301
БРЭ́СЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ , сярэднія агульнаадук. навуч. ўстановы ў 1865—1915 у Брэсце.
Мужчынская гімназія засн. ў 1865 як 4-класная прагімназія; у 1901 пераўтворана ў гімназію. Складалася з 8 асн., 4 паралельных (1—4-ы) і падрыхтоўчага класаў. Колькасць навучэнцаў ад 450 да 520. Выкладаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус., франц., ням., лац. мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка, маляванне, чыстапісанне, музыка, спевы і інш. Зараз у будынку б. гімназіі размешчаны адзін з навуч. карпусоў Брэсцкага універсітэта.
Жаночая гімназія засн. 1.7.1904. Складалася з 6 асноўных і падрыхтоўчага класаў. У 1905 адкрыты 7-ы, у 1907 — 8-ы дадатковы пед. клас, у 1911 — паралельныя 3-і і 6-ы класы. Колькасць навучэнцаў вагалася ад 400—500 у 1906—07 да 340 у 1915. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням., польск. мовы, гісторыя, матэматыка, фізіка, чыстапісанне, маляванне, геаграфія, славеснасць, рукадзелле, гігіена і інш.
М.М.Забаўскі.
т. 3, с. 301
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Г.Я.Галенчанка.
т. 3, с. 301
БРЭ́СЦКІЯ ТЫТУНЁВЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Дзейнічалі ў 1855—1914 у г. Брэст. Усяго было 9 мануфактур, адначасова працавала да 6 (1885). Мелі па 6—11 крышыльных і інш. станкоў, ступы і прэсы, з 1885 — конны рухавік. Выраблялі тытунь курыльны, табаку нюхальную (500—1800 пудоў за год), махорку (да 13 000 пудоў), цыгары (да 2990 тыс. шт.), папяросы (да 3557 тыс. шт.). На розных мануфактурах працавала ад 40 (1873) да 325 (1886) чалавек, выраблялася прадукцыі на суму да 65 тыс. руб. (1885).
т. 3, с. 301
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя Ленінскага камсамола Беларусі, назва Брэсцкага тэатра драмы і музыкі ў 1944—91.
т. 3, с. 294