Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУ́РА-АРА́КСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура плямён Закаўказзя эпохі ранняй бронзы (3-е тыс. да н.э.). Назва ад помнікаў, адкрытых у бас. р. Кура і Аракс. Арэал К.-А.к. ўключае таксама ўсх. Анатолію, Дагестан, Чэчню, Інгушэцію, частку паўн. Асеціі. Характарызуецца аселасцю насельніцтва, паселішчамі са своеасаблівай архітэктурай (круглыя і прамавугольныя дамы), глянцаванай керамікай з рэльефным спіральна-канцэнтрычным і разным арнаментам, глінянымі перасоўнымі агнішчамі. Асн. заняткам насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля, развівалася металургія бронзы і металаапрацоўка. Існавалі сувязі з плямёнамі майкопскай культуры Паўн. Каўказа.

т. 9, с. 40

КУРБАННЕПЕ́САЎ (Керым) (26.10.1929, аул 1-ы Геок-Тэпе Геок-Тэпінскага р-на, Туркменістан — 1.9.1988),

туркменскі паэт. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Туркменскі ун-т (Ашхабад, 1961). Друкаваўся з 1946. Першы зб. вершаў — «Крыніца маёй сілы» (1951). У кнігах паэзіі «Спаборніцтва» (1972), «Жыццё» (1975), «Вясенні вецер» (1977), «Зямля» (1978), «На паўдарозе» (1979) роздум пра сэнс жыцця, месца мастака ў ім, пра грамадзянскі ідэал. Аўтар зб. літ.-крытычных арт. «Літаратура і жыццё» (1981), эсэ «Летнія запісы» (1986) і інш. Шматлікія яго творы сталі нар. песнямі. Пераклаў на туркм. мову вершы Н.​Гілевіча, П.​Панчанкі, М.​Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, М.​Танк, Л.​Філімонава. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1970.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Мая Туркменія. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избр. стихи. М., 1979.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 9, с. 45

КУРБАНСАХА́ТАЎ (Курбандурды) (5.9.1919, в. Караяб Марыйскай вобл., Туркменістан — 25.2.1992),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1990). Скончыў Туркменскі пед. ін-т (Ашхабад, 1941). У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Сурай» (1955), «Сэрца — не камень» (1958), «Сорак манет» (1961), «Родны чалавек» (1965), рамане «Тойлы Мерген» (1970) жыццё і праблемы туркм. вёскі, вясковай інтэлігенцыі. Аўтар зб-каў вершаў «Салдат вярнуўся дадому» (1947), «Сад садоў» (1962), п’ес «Ханг» (1966), «Непралітая кроў» (1968), кінасцэнарыяў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Если любишь... М., 1972.

т. 9, с. 45

КУ́РБАС (Лесь) (Аляксандр Сцяпанавіч; 25.2.1887, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 15.10.1942),

украінскі рэжысёр, акцёр; адзін з заснавальнікаў укр. сав. т-ра. Нар. арт. Украіны (1925). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. З 1916 арганізатар і кіраўнік тэатр. труп, у т. л. «Беразіль» (1922, з 1934 Укр. т-р імя Т.​Р.​Шаўчэнкі ў Харкаве). Лепшыя акцёрскія работы: Гнат («Абяздоленая» І.​Карпенкі-Карага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «У пушчы» Лесі Украінкі, «Цар Эдып» Сафокла (абодва 1918), «Гайдамакі», «Іван Гус» паводле Т.​Шаўчэнкі, «Нявольнік» М.​Крапіўніцкага (усе 1920), «Джымі Хігінс» паводле Э.​Сінклера (1923), «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), «Маклена Граса» М.​Куліша (1933) і інш. Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў «Вендэта», «Макдональд» (абодва 1924), «Арсенальцы» (1925).

т. 9, с. 45

КУ́РБАТ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 9.5.1942, г.п. Свіслач Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Канд. мед. н. (1968), праф. (1992). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964), працуе ў ім (з 1987 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні сродкаў для барацьбы з гіпаксіяй, фармакалогіі амінакіслот.

Тв.:

Рецептурный справочник врача. Мн., 1996 (разам з П.​Б.​Станкевічам).

т. 9, с. 45

КУРБА́ТАЎ (Ігар Міхайлавіч) (13.3.1905, Масква — 19.10.1969),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1949). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1954 у БСГА. Навук. працы па біяхіміі глебы і торфу; вывучаў фізіял. дзеянне глеб на працэсы росту, фотасінтэзу раслін.

Тв.:

К вопросу о природе гумуса почв и торфов (разам з Е.​І.​Двойнішнікавай, В.​Ф.​Курбатавай) // Тр. Белорусской с.-х. академии. 1959. Т. 32, вып. 1;

Современные представления о природе гумуса и его роли в жизни почв и растений // Вопросы биологической активности почвы. Горки, 1968.

т. 9, с. 45

Курбацкі Аляксандр Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 415

КУРБЕ́КА (Іван Сцяпанавіч) (н. 10.11.1934, в. Серабрышча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і літ.знавец. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Літ. музеі Я.​Купалы, з 1964 у Літ.-мемарыяльным музеі Я.​Коласа. Друкуецца з 1958. Выдаў зб. гумарыстычных вершаў «Абы здароўе» (1979), кн. лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагагрыфы, анаграмы) «Хітрыя літары» (1991), зб. «Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы» (1993), альбомы «Янка Купала» (1965, 2-е выд. 1983), «Якуб Колас» (1967, 2-е выд. 1980, у сааўт.), «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» (1974, у сааўт.). Складальнік зб. «Успаміны пра Якуба Коласа» (1982). Творы К. змешчаны таксама ў калект. зб-ках «Асцюкі за каўняром» (1989), «Вожык смяецца» (1992) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 45

КУРБЕ́Т ((Curbet) Уладзімір Козмавіч) (н. 5.3.1930, с. Суслень Аргееўскага р-на, Малдова),

малдаўскі балетмайстар. Нар. арт. Малдовы (1967). Нар. арт. СССР (1981). З 1950 кіраваў самадз. танц. калектывамі, з 1957 педагог-рэпетытар, з 1958 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар ансамбля нар. танца Малдовы «Жок». Сярод пастановак: «Жок», «Сырба», «Мэрунцыка», «Бэтута», «Хора», «Малдавеняска», «Кэлушарый», «Рэзэшаска», «Крэйцэле», «Цэрэняска» і інш., дзе па-майстэрску ўвасоблены пластычны каларыт з захаваннем аўтэнтычнасці малд. танц. фальклору.

т. 9, с. 45

КУ́РБСКІ (Андрэй Міхайлавіч) (1528—83),

расійскі ваен. і паліт. дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Князь. З смаленска-яраслаўскіх князёў, нашчадак Рурыкавічаў. У 1540—50-я г. прыбліжаны цара Івана IV Грознага, чл. Выбранай рады. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52. У Лівонскую вайну 1558—83 з 1561 узначальваў рас. войскі ў Прыбалтыцы, у 1562 кіраваў паходам на Віцебск, потым ваявода ў г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Баючыся магчымых рэпрэсій (гл. Апрычніна), К. ў 1564 уцёк у ВКЛ. Атрымаў у часовае карыстанне вял. маёнткі, у т. л. Крэўскае староства, г. Ковель і інш. Чл. каралеўскай рады Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у паходах Стафана Баторыя супраць рас. войск у 1576 і 1581. Быў двойчы жанаты з прадстаўніцамі мясц. знаці Беларусі. Як праваслаўны выступаў супраць ідэй Рэфармацыі. Аўтар трох пасланняў да Івана IV (1564—79), у якіх асуджаў жорсткасць і дэспатызм цара, антысамаўладніцкага памфлета «Гісторыя пра вялікага князя Маскоўскага» (1573) і інш. твораў.

Тв.:

Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским. Л., 1979.

т. 9, с. 45