Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.

т. 8, с. 566

КУ́ЙБЫШАЎ (Валяр’ян Уладзіміравіч) (6.6.1888, г. Омск, Расія — 25.1.1935),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1904 у рэв. руху бальшавікоў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 выключаны з Ваен мед. акадэміі ў Пецярбургу (1906). Неаднаразова быў арыштаваны і ў ссылцы. Адзін з кіраўнікоў Кастр. рэвалюцыі 1917 у г. Самара, удзельнік грамадз. вайны (пераважна як паліт. камісар). З 1921 чл. Прэзідыума, з 1926 старшыня Вышэйшага савета народнай гаспадаркі; кіраваў ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. Чл. ЦК (з 1922) і Палітбюро (з 1927) ЦК ВКП(б), Прэзідыума ЦКК (1923—26). У 1930—34 старшыня Дзярж. планавай камісіі. Паводле афіц. версіі, атручаны; у яго смерці абвінавачваліся падсудныя на т.зв. працэсе 21-го (працэс праватрацкісцкага блока). У 1935—91 яго імем наз. г. Самара.

т. 8, с. 566

КУ́ЙБЫШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Волга, у Самарскай, Ульянаўскай абласцях, рэспубліках Татарстан, Марый Эл, Чувашскай (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 6450 км², аб’ём 58 км³, даўж. 580 км, найб. шыр. 30 км, глыб. да 39 м. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 7,5 м. Замярзае ў ліст.пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў крас.пач. мая. Створана ў мэтах гідраэнергетыкі, воднага транспарту, ірыгацыі і водазабеспячэння. Рыбалоўства. На берагах — гарады Казань, Ульянаўск, Чэбаксары, Тальяці і інш., дамы адпачынку, санаторыі, базы турызму, воднага спорту, рыбнай лоўлі.

т. 8, с. 566

КУ́ЙБЫШАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

назва Самарскай вобласці ў 1935—91.

т. 8, с. 566

КУ́ЙТА,

агульная назва трох азёр (Верхняе К., Сярэдняе К. і Ніжняе К.) на ПнЗ Карэліі, у Рас. Федэрацыі. Агульная пл. каля 600 км². Злучаны пратокамі. Глыб. да 44 м (Верхняе К.). Замярзаюць у ліст., ускрываюцца ў маі. Сцёк праз р. Кем; з пабудовай на ёй лесасплаўнай плаціны (1956) ператвораны ў вадасховішча. Сплаў лесу, рыбалоўства.

т. 8, с. 566