Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУГА́Ч (Юрый Пятровіч) (н. 21.3.1917, г. Суздаль, Расія),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1965). Нар. мастак СССР (1977). Чл.-кар. АМ СССР (1975). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1942; вучыўся ў С.В.Герасімава і І.Э.Грабара), у 1948—51 выкладаў у ім. У ранні перыяд творчасці пісаў партрэты (цыкл «Знакамітыя людзі Масквы», 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), творы гіст. тэматыкі. Пазнейшыя вызначаюцца паэтызацыяй традыц. рыс рус. нар. побыту: «Перад танцамі» (1961), «Сенакос у лесе» (1967), «Развітанне» (1969), «За Айчыну» (1980). Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Я.​Рэпіна 1969.

Ю.Кугач. Перад танцамі. 1961.

т. 8, с. 556

КУГЕ́ЙКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 3.4.1948, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1994). Скончыў БДУ (1974). З 1974 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ; з 1988 — у БДУ. Навук. працы па оптыцы рассейвальнага асяроддзя, тэорыі інфарм.-вымяральных сістэм. Распрацаваў тэорыю і методыкі оптыка-фіз. дыягностыкі неаднароднага рассейвальнага асяроддзя пры адсутнасці апрыёрнай інфармацыі.

Тв.:

О возможностях измерения оптических характеристик рассеивающих сред с помощью подвижных лидаров (разам з М.​М.​Сяргеевым. Д.​А.​Ашкінадзе) // Изв. АН СССР. Физика атмосферы и океана. 1982. Т 18, № 12;

К определению опорных значений оптических характеристик в дистанционных измерениях // Оптика атмосферы и океана. 1997. Т. 10, № 1.

І.​С.​Манак.

т. 8, с. 556

КУГУЛЬЦІ́НАЎ (Давід Мікітавіч) (н. 13.3.1922, в. Абганер-Гаханкіны, Калмыкія),

калмыцкі паэт. Нар. паэт Калмыкіі (1969). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1960). У 1945 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкуецца з 1936. Піша на калм. і рус. мовах, Першы зб. «Вершы юнацтва» (1940). У кнігах вершаў «Вачыма сэрца» (1958), «Я твой равеснік» (1966; Дзярж. прэмія РСФСР 1967), «Корань жыцця» (1969), «Кліч красавіка» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Жыццё і роздумы» (1983), паэмах «Маабіцкі вязень» (1958), «Жывая вада» (1960), «Сар-Герэл» (1964), «Бунт розуму» (1971), кнігах прозы «Спатоленне смагі» (1966), філас. казках і інш.філас.-паэт. асэнсаванне мінулага і сучаснасці, услаўленне моцных духам людзей. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, А.​Грачанікаў, А.​Звонак, Ю.​Свірка, М.​Чарняўскі.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1976—77.

Літ.:

Леонов Б.А. Поэзия судьбы народной. Элиста, 1970;

Слово о Д.​Кугультинове. Элиста, 1983.

Д.М.Кугульцінаў.

т. 8, с. 556

КУГУРА́К,

у марыйскай міфалогіі бог (частка марыйскіх плямён шанавала яго як найвышэйшага бога замест Кугуюма). Паводле падання лугавых марыйцаў, быў некалі зямным правадыром марыйскіх плямён, потым перасяліўся на неба, дзе ўзначальвае іерархію падуладных яму духаў — вартавых дома, стала, варот і г.д.

т. 8, с. 556

КУГУ́-Ю́МА,

у марыйскай міфалогіі найвышэйшы бог. Жыве на небе, дзе ўзначальвае іерархію нябесных (багі сонца, грому і г.д.) і ніжэйшых зямных (багі хлеба, жывёлы) багоў. К.-ю. — дэміург (стваральнік космасу), які супрацьстаіць тварцу зла, малодшаму брату Керэмету.

т. 8, с. 556