Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУРА́,

рака ў Турцыі, Грузіі і Азербайджане. Даўж. 1364 км, пл. басейна 188 тыс. км2. Пачынаецца на Армянскім нагор’і ў Турцыі, да г. Тбілісі цячэ пераважна ў цяснінах, месцамі — у міжгорных катлавінах, ніжэй рэчышча падзяляецца на рукавы, даліна пашыраецца. Вышэй г. Мінгечаур у вузкай цясніне перасякае скалістую граду Баздаг, ніжняе цячэнне па Кура-Араксінскай нізіне, моцна меандрыруе, берагі нізкія, абвалаваныя. Упадае ў Каспійскае м., утварае дэльту (пл. 100 км2). Гал. прыток — Аракс. Сярэдні гадавы расход вады каля в. Хулур 270 м3/с. Сцёк наносаў да 21 млн. т за год. Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады па канале перадаецца для абваднення р. Аракс. У дэльце рыбалоўства (сяўруга, бялуга, асетр, судак і інш.). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Зема-Аўчальская, Мінгечаурская і інш. ГЭС. Ha К. — гарады Горы, Тбілісі, Руставі (Грузія), Мінгечаур, Сабірабад (Азербайджан).

Рака Кура.

т. 9, с. 40

КУРАВА́Й, астрагал (Astragalus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, пераважна ў засушлівых абласцях. На Беларусі 4 віды К.: дацкі (A. danicus), нутавы (A. cicer), пясчаны (А. arenarius), саладкалісты (A. glycyphyllos, нар. назвы паўзун лесавы, пельзач лясны, гарох воўчы, слічны ясь) і 7 інтрадукаваных. Трапляецца ў хваёвых лясах, на пясчанай глебе, у поймах рэк.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы, паўкусты, невял. кусты. Лісце няпарна- ці парнаперыстае, часам з калючкай на канцы чаранка. Кветкі няправільныя, у пазушных гронках або галоўках. Плод — струк. Кармавыя, лек. і дэкар. расліны.

Куравай.

т. 9, с. 40

КУ́РАВІЧЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нежлеўка, за 20 км на ПдЗ ад г. Полацк, на паўд.ўсх. ускраіне г.п. Ветрына. Пл. 0,26 км2, даўж 850 м, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 3 км2. Схілы катлавіны выш. да 6 м (на 3 да 3 м), пераважна пад хмызняком.

т. 9, с. 40

КУРАГА́,

плады абрыкоса, высушаныя на сонцы ў выглядзе палавінак без костачак. Часам плады спачатку акурваюць сярністым ангідрыдам. Мае ў сабе вільгаці да 22%, цукру 50—60%, арган. кіслот 1,4—3,4%, вітаміну C — каля 7 мг%, караціну — каля 6,3 мг%. Колер — ад светла-жоўтага да цёмна-аранжавага. Выкарыстоўваецца непасрэдна ў ежу, у кампотнай сумесі з сушаных фруктаў і ў кандытарскіх вырабах.

т. 9, с. 40

КУРА́ЕЎ Аляксандр Аляксандравіч

(н. 11.12.1937, г. Саратаў, Расія),

бел. вучоны ў галіне фіз. электронікі і матэм. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1980), праф. (1982). Скончыў Саратаўскі ун-т (1960).

З 1981 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі і аптымізацыі нелінейных працэсаў узаемадзеяння магутных электронных патокаў з эл.-магн. палямі нерэгулярных электрадынамічных сістэм, метадах рашэння задач аптымальнага кіравання.

Тв.:

Теория и оптимизация электронных приборов СВЧ. Мн., 1979;

Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 40

КУРА́Й,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Салянка.

т. 9, с. 41

КУ́РАК Віктар Віктаравіч

(н. 6.3.1944, в Манастырышчава Чарнігаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1997), праф. (1998). Скончыў Каўнаскі мед. ін-т (1966). З 1975 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1989 заг. кафедры). Гал. дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Беларусі. Навук. працы па патафізіялогіі штучнага кровазвароту і па пытаннях інтэнсіўнай тэрапіі запаленча-гнойных захворванняў у дзяцей.

Тв.:

Справочник по педиатрии. Мн., 1979 (у сааўт.);

Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 9, с. 41

КУРА́КА Міхаіл Канстанцінавіч

(23.9 1872, в. Казелле Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.2.1920),

вучоны-металург, заснавальнік школы рас. доменшчыкаў. З 1890 працаваў на металургічных з-дах Пд Расіі. За ўдзел у рэв. падзеях 1905 сасланы. З 1908 нач. доменнага цэха Юзаўскага металургічнага з-да (Данбас). Сканструяваў і пабудаваў першы ў Расіі мех. скіпавы падымальнік для загрузкі шыхты, распрацаваў арыгінальную канструкцыю горна, удасканаліў фурменны механізм падачы паветра. Распрацоўваў праект буйнога металургічнага з-да ў Кузбасе (з 1917), пры будаўніцтве якога ажыццёўлены многія яго вынаходкі.

Літ.:

Бек А.А. Мои герои. Повести. М., 1967.

Я.Г.Міляшкевіч.

М.К.Курака.

т. 9, с. 41

КУРАКІ́,

бел. кулінарны выраб. У вараную тоўчаную бульбу дадавалі трохі мухі, ляпілі маленькія піражкі, качалі іх у тоўчаным семі лёну, пяклі на капусных лістах або на блясе.

т. 9, с. 41

КУРА́КІН Барыс Іванавіч

(30.7.1676, Масква — 28.10.1727),

расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т.л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.А.Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.

т. 9, с. 41