Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУЦ (Павел Сцяпанавіч) (н. 4.9.1925, в. Парэчча Гродзенскага р-на),

бел. вучоны ў галіне прамысловай цеплатэхнікі. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1954). З 1961 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па цепла- і масаабмене ў працэсах сушкі вільготных матэрыялаў.

Удзельнічаў у распрацоўцы тэорыі, тэхналогіі і тэхнікі сушкі.

Тв.:

Теплофизические и технологические основы сушки высоковольтной изоляции Мн., 1979 (разам з І.​Ф.​Пікусам);

Сушка продуктов микробиологического производства. М., 1987 (разам з Э.​Р.​Тугавай).

т. 9, с. 64

КУЦ (Уладзімір Пятровіч) (7.2.1927, с. Алексіна Трасцянецкага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.8.1975),

савецкі спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Засл. майстар спорту СССР (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т фіз. культуры (1961). Трэнер. Чэмпіён XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія) у бегу на дыстанцыях 5 і 10 км. Чэмпіён Еўропы (1954) на дыстанцыі 5 км, СССР (1953—57, на дыстанцыі 5 км; 1953—56, на дыстанцыі 10 км; 1957, у кросе на 8 км). Рэкардсмен свету (7 рэкордаў) у бегу на 3 мілі (1954), на 5 км (1954—55, 1957, 1965), на 10 км (1956, 1960), СССР (13 рэкордаў).

Тв.:

Повесть о беге. М., 1964.

т. 9, с. 64

КУЦА́К (Аляксей Андрэевіч) (н. 12.2.1944, г. Барнаул Алтайскага краю, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1966). З 1966 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1978 у БПА. Навук. працы ў галіне прыкладных даследаванняў кальцавых і лінейных лазераў, іх выкарыстання ў навігацыі і вымяральнай тэхніцы. Распрацаваў тэорыю лазераў з выпадковымі параметрамі і набліжаную тэорыю лазераў са звязанымі рэзанатарамі.

т. 9, с. 64

КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,

цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.​Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.​Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл. Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).

Літ.:

Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 9, с. 64

КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.

Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел. нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн. Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.​Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.​Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 9, с. 64

КУЦЕ́ІНСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,

гл. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр.

т. 9, с. 64

КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

гл. Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр.

т. 9, с. 64

КУЦЦЯ́,

1) у беларусаў і інш. слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.

2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.

т. 9, с. 64

КУ́ЦЬКАВА БАЛО́ТА,

у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала. Нізіннага тыпу. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 0,5 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 0,9 м. Асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 9, с. 64