КУ́РБАС (Лесь) (Аляксандр Сцяпанавіч; 25.2.1887, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 15.10.1942),

украінскі рэжысёр, акцёр; адзін з заснавальнікаў укр. сав. т-ра. Нар. арт. Украіны (1925). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. З 1916 арганізатар і кіраўнік тэатр. труп, у т. л. «Беразіль» (1922, з 1934 Укр. т-р імя Т.​Р.​Шаўчэнкі ў Харкаве). Лепшыя акцёрскія работы: Гнат («Абяздоленая» І.​Карпенкі-Карага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «У пушчы» Лесі Украінкі, «Цар Эдып» Сафокла (абодва 1918), «Гайдамакі», «Іван Гус» паводле Т.​Шаўчэнкі, «Нявольнік» М.​Крапіўніцкага (усе 1920), «Джымі Хігінс» паводле Э.​Сінклера (1923), «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), «Маклена Граса» М.​Куліша (1933) і інш. Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў «Вендэта», «Макдональд» (абодва 1924), «Арсенальцы» (1925).

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)