КУРБЕ́КА Іван Сцяпанавіч

(н. 10.11.1934, в. Серабрышча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і літ.знавец. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Літ. музеі Я.Купалы, з 1964 у Літ.-мемарыяльным музеі Я.Коласа. Друкуецца з 1958. Выдаў зб. гумарыстычных вершаў «Абы здароўе» (1979), кн. лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагагрыфы, анаграмы) «Хітрыя літары» (1991), зб. «Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы» (1993), альбомы «Янка Купала» (1965, 2-е выд. 1983), «Якуб Колас» (1967, 2-е выд. 1980, у сааўт.), «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» (1974, у сааўт.). Складальнік зб. «Успаміны пра Якуба Коласа» (1982). Творы К. змешчаны таксама ў калект. зб-ках «Асцюкі за каўняром» (1989), «Вожык смяецца» (1992) і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)