БРЭ́СЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1926 (арх. С.Філасевіч) з выкарыстаннем элементаў позняга класіцызму і эклектычных элементаў арх. стылістыкі пач. 20 ст. Трохпавярховы будынак з высокім цокальным паверхам складаецца з 2 узаемна перпендыкулярных крылаў, злучаных аб’ёмам у выглядзе дамінуючай над усёй пабудовай ратонды са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны сферычныя нішы, сандрыкі на фігурных кранштэйнах, ляпныя элементы. Будынак завершаны развітым карнізам з парапетамбалюстрадай. У будынку размешчана абл. кантора банка.
т. 3, с. 287
БРЭ́СЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Брэсце пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля і Брэсцкага падп. гаркома ЛКСМБ. Першая падп. арг-цыя (кіраўнікі груп Г.К.Баннікаў, Л.В.Папова, Б.М.Пікус, М.А.Шошчыц) дзейнічала з пач. вайны. Восенню 1941 большасць падпольшчыкаў арыштавана. У жн. 1941 рашэннем гар. парт. к-та створана 2-я падп. арг-цыя на чале з У.А.Несцярэнкам, члены якой арганізоўвалі збор зброі, боепрыпасаў і адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі на чыгунцы, здабывалі разведданыя, медыкаменты. У 1942 частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, астатнія (каля 30 чал.) прымалі ўдзел у рабоце патрыят. падполля або дзейнічалі самастойна.
т. 3, с. 287
БРЭ́СЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся. Займае ПдЗ тэр. Брэсцкай вобл. Мяжуе на Пн з Прыбугскай раўнінай, на Пд — з Валынскім узв.; працягнулася з З ад даліны р. Зах. Буг на У да Загароддзя на 110 км. З Пн на Пд прасціраецца на 60—70 км. Абс. вышыні рэльефу вагаюцца ад 130 м у даліне Зах. Буга да 189 каля г. Маларыта. Пл. 5,9 тыс. км².
Брэсцкае Палессе прымеркавана да ўсх. часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны і прылеглых да яе з Пд Лукаўска-Ратнаўскага горста і Дзівінскай ступені. У тоўшчы антрапагену развіты ледавіковыя адклады нараўскага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, брэсцкага перадледавікоўя, міжледавіковыя белавежскія, александрыйскія і муравінскія, а таксама галацэнавыя. Сярэдняя магутнасць іх 10—50 м, у ледавіковых лагчынах да 110 м. Асн. рысы паверхні аформіліся ў час дняпроўскага зледзянення. Пераважае плоскі і спадзіста-хвалісты рэльеф водна-ледавіковых нізін і раўнін з забалочанымі ўчасткамі азёрна-алювіяльнай нізіны на адзнаках 140—150 м з адноснымі перавышэннямі 2—10 м. Паверхня нахілена на З, да месца зліцця Мухаўца і Зах. Буга. Невысокія насыпныя і напорныя грады і ўзгоркі цягнуцца на Пд Брэсцкага Палесся — ад Зах. Буга да в. Олтуш Маларыцкага р-на і г. Маларыта. Абс. адзнакі тут 175—189 м, адносныя дасягаюць 25 м. На павышаных водападзелах развіты эолавы рэльеф (дзюны, грады, масівы), у лагчынах, арыентаваных пераважна з ПнЗ на ПдУ, забалочаныя стараж. і сучасныя азёрныя катлавіны, у т. л. карставыя. Трапляюцца ўчасткі марэннага рэльефу. Шмат скразных далін. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, жвір, пясок, мел, сапрапель. Гал. рэкі: Зах. Буг з прытокамі справа Мухавец, Спанаўка, Капаёўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца Рыта і Асінаўка. У Брэсцкім Палессі зах. ч. Дняпроўска-Бугскага канала, шматлікія меліярац. каналы. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Белае, Любань, Рагазнянскае, Чорнае, вадасх. Лукаўскае. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 548 мм за год. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Лясы займаюць 10—20%, на Пд да 40% тэрыторыі. У межах Брэсцкага Палесся заказнікі бат. Радастаўскі і біял. Селяхі.
А.В.Мацвееў.
т. 3, с. 287
БРЭ́СЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да 28.7.1944 у Брэсце. Ініцыятары стварэння першых груп камуністы П.Т.Жулікаў і Р.С.Радкевіч. Пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля дзейнічала Брэсцкае маладзёжнае падполле. Падпольшчыкі прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, цёплае адзенне, медыкаменты для партызан, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з фаш. лагераў, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе моладзі ў Германію, перашкаджалі рамонту вагонаў, пуску ліцейнага цэха, псавалі станкі і абсталяванне, выводзілі са строю паравозы, разам з дыверсійнымі групамі партыз. атрадаў, што змагаліся вакол Брэста, правялі шэраг падрыўных аперацый.
т. 3, с. 287
БРЭ́СЦКАЕ ПЕРАДЛЕДАВІКО́ЎЕ,добрушскае перадледавікоўе, частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.А.Махнач; 1971) як найб. стараж. ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр. Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.
Літ.:
Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;
Якубовская Т.В., Назаров В.И. Стратиграфическая схема отложений эоплейстоцена Беларуси // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 4.
Т.В.Якубоўская.
т. 3, с. 287
БРЭ́СЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў.
Існавала ў Брэсце ў 1903—15. Аб’ядноўвала ўрачоў горада (у 1903 — 28 чал., 1907 — 21). Старшыня Л.І.Ястражамбецкі-Дзем’яновіч, віцэ-старшыня К.І.Штарк. Мела статут, які прадугледжваў вывучэнне сан. стану Гродзенскай губ., збор і вывучэнне мед. статыстыкі, публічныя чытанні, выданне папулярных твораў для пашырэння ведаў па агульнай і асабістай гігіене і інш., садзейнічанне мясц. адміністрацыі ў стварэнні сельскіх урачэбных пунктаў і ўладкаванні клінік, узаемны абмен практычнымі назіраннямі за развіццём хвароб і найб. паспяховымі спосабамі іх лячэння і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з 1-й сусв. вайной.
т. 3, с. 288
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ-ГЕРО́Я МУЗЕ́Й,
Музей абароны Брэсцкай крэпасці. Састаўная частка мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой. Адкрыты 8.11.1956. Размешчаны ў б. кальцавой казарме на цэнтр. востраве крэпасці. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. 930 м²), больш за 34 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Матэрыялы музея знаёмяць з гісторыяй Брэсцкай крэпасці. Асн. экспазіцыя — гераічная абарона крэпасці ў пач. Вял. Айч. вайны, шматлікія рэчавыя экспанаты, фатаграфіі і дакументы пра яе абаронцаў і іх лёс. Дэманструюцца работы мастакоў і скульптараў, што адлюстроўваюць розныя моманты абароны крэпасці. Асобны стэнд прысвечаны пісьменніку С.Смірнову, які зрабіў вял. ўклад у распрацоўку подзвігу абаронцаў. У кіназале дэманструюцца хранік.-дакумент. фільмы пра абарону крэпасці. У паўд.-ўсх. казематах у 1984 адкрыты музей «Хлапчукі бессмяротнага Брэста». Музей мае перасоўныя выстаўкі. Супрацоўнікі музея выдалі зборнікі ўспамінаў, артыкулаў і нарысаў, альбомы, буклеты, даведнікі.
П.Н.Панасюк.
т. 3, с. 289
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач. Вял. Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс. воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей ўзмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав. воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.
Т.М.Ходцава.
т. 3, с. 288
БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.А.Траццякова.
Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. Ін-та.
т. 3, с. 289
БРЭ́СЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. паўн. і цэнтр. раёнаў Брэсцкай вобл. і суседніх раёнаў Беластоцкай і Баранавіцкай абл. 12.5.1942 арганізаваны міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі», які накіроўваў дзейнасць раённых і падраённых антыфаш. арг-цый, вял. ўвагу аддаваў разгортванню партыз. руху, меў падп. друкарню. Да восені 1942 антыфаш. арг-цыі і партыз. атрады дзейнічалі ў Бярозаўскім, Брэсцкім, Камянецкім, Косаўскім, Поразаўскім, Пружанскім, Шарашоўскім, а пазней і ў інш. раёнах. Са жн. 1942 да ліп. 1944 дзейнічала разгалінаваная Брэсцкая гар. антыфаш. арг-цыя. У ліп. 1943 на базе міжраённага «К-та барацьбы з ням. акупантамі» створаны Брэсцкі абл. антыфаш. к-т, які са снеж. 1943 выдаваў газ. «За Родину», лістоўкі, адозвы, зводкі Саўінфармбюро і інш. на бел., рус., польск. і ням. мовах. Падпольшчыкі забяспечвалі партызан прадуктамі харчавання, адзеннем, медыкаментамі, зброяй і боепрыпасамі, удзельнічалі ў іх баявых аперацыях па разгроме гарнізонаў ворага, падпальвалі ў маёнтках акупантаў склады, зрывалі выкананне паставак. Напярэдадні вызвалення Брэсцкай вобл. арг-цыя аб’ядноўвала 422 ячэйкі, каля 2 тыс. падпольшчыкаў.
У.Я.Навуменка.
т. 3, с. 289