Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЛЁ,

расшыраная частка стрававода ў беспазваночных (многія малюскі, чэрві, насякомыя) і птушак. Служыць для назапашвання, захоўвання, зрэдку папярэдняй біяхім. апрацоўкі корму. У пчол у валлі нектар перапрацоўваецца ў мёд. Валлё развіта ў драпежных і некаторых зерняедных птушак, знаходзіцца над ключыцай і звычайна мае залозы. Скарачэнні валля забяспечваюць паступленне корму ў страўнік, адрыгванне яго пры выкормліванні птушанят або выдаленне неператраўленых рэшткаў (драпежныя птушкі). У галубоў клеткі эпітэлію валля адрываюцца і змешваюцца з сакрэтам залоз, утвараючы белаватую вадкасць, т.зв. птушынае (валлёвае) малако, якім выкормліваюцца птушаняты.

т. 3, с. 482

ВАЛЛЯ́К,

устойлівае павелічэнне памераў шчытападобнай залозы без прыкмет запалення і злаякаснага пераўтварэння. Адзін з асн. сімптомаў розных па этыялогіі і клінічных праявах хвароб. Прычына ўзнікнення валляка дыфузнага таксічнага (тырэатаксікоз) дакладна не выяўлена. Яе звязваюць з ператамленнем, нерв. перанапружаннем, перанесенымі вострымі інфекцыямі, псіхічнымі траўмамі і інш. фактарамі, у т. л. спадчыннымі. Найчасцей хварэюць жанчыны. Валляк спарадычны (нетаксічны) працякае звычайна без яўных парушэнняў функцыі шчытападобнай залозы. Пры значным павелічэнні залозы магчымы расстройствы дыхання (сціскаюцца трахеі), глытання (сціскаецца стрававод), расшырэнне вен твару, шыі (з прычыны сціскання крывяносных сасудаў). Валляк эндэмічны пашыраны ў геагр. зонах з малой колькасцю ёду ў асяроддзі (вада, глеба, прадукты харчавання; у Беларусі на Палессі) і яго дэфіцытам для сінтэзу і сакрэцыі тырэоідных гармонаў. Лячэнне медыкаментознае ці хірургічнае.

Л.Д.Чайка.

т. 3, с. 482

ВАЛЛЯКО́ВАЯ ЗАЛО́ЗА,

гл. Вілачкавая залоза.

т. 3, с. 482

ВАЛМЯ́НКА,

гл. Волма.

т. 3, с. 482

ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА,

Волма-Слоўст, Волма, у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.

т. 3, с. 482

Валмянскі

т. 18, кн. 1, с. 360

ВАЛНЕ́Я,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 33 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,27 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 500 м. Пл. вадазбору 6,25 км². Схілы катлавіны выш. да 3 м, парослыя забалочаным лесам і хмызняком, часткова пад лугам. Выцякае ручай у р. Дубоўка.

т. 3, с. 482

ВАЛО́БА,

Волаба, возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 мзах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

ВАЛО́ВА,

гл. Валоўка.

т. 3, с. 482

ВАЛО́ВІЧ Астафій

(Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.

Літ.:

Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.

т. 3, с. 482