Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),

1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх. ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс. км2. Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд. т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд. т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.

2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км2) — 462 млн. т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.

т. 10, с. 378

МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379

МІ́НАЧ ((Mináč) Уладзімір) (н. 10.8.1922, г. Кленавец, Славакія),

славацкі пісьменнік. Засл. пісьменнік Чэхаславакіі (1970). Скончыў Браціслаўскі ун-т. Удзельнік Славацкага нац. паўстання 1944, падзеі якога адлюстраваў у рамане «Смерць блукае па гарах» (1948) і эпічнай трылогіі «Пакаленне» (1958—61). Жыццё пасляваен. Чэхаславакіі ў цэнтры аповесцей «Учора і заўтра» (1949), «Блакітныя хвалі» (1951), зб. апавяд. «На пераломе» (1954). Аўтар рамана пра моладзь «Ты ніколі не адна» (1962), сатыр. «Вытворца шчасця» (1965), зб-каў філас.-публіцыстычных апавяд. «Мядзведжы куток» (1960) і літ.-крытычных артыкулаў «Парадоксы» (1966), «Партрэты і лёсы» (1976), кінасцэнарыяў, рэпартажаў і інш. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Я.Бяганская, А.Мажэйка, У.Дамашэвіч. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1955.

Тв.:

Бел. пер. — у кн : Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;

Жывыя і мёртвыя. Мн., 1961;

Рус. пер. — Поколение: Трилогия. М., 1974;

Избранное. М., 1982.

А.У.Вострыкава.

т. 10, с. 379

МІНАШУКА́ЛЬНІК,

прылада для пошуку мін. Выкарыстоўваецца для разведкі міннаўзрыўных загарод, стварэння праходаў у мінных палях і пры размініраванні мясцовасці. Найб. пашыраны пераносныя індукцыйныя М., якія рэагуюць на метал. дэталі мін. Існуюць М. для пошуку мін, у якіх адсутнічаюць метал. дэталі, а таксама дарожныя М., прызначаныя для размініравання, разведкі дарог, аэрадромаў і інш., напр., браніраваная машына AARDVARK (Вялікабрытанія), якая спец. механізмам дэтануе міны. Выкарыстоўваюцца ва ўзбр. сілах і інш. сілавых структурах шэрагу краін свету, у т.л. — Рэспублікі Беларусь.

С.У.Чарных.

Да арт. Мінашукальнік Дарожны браніраваны мінашукальнік AARDVARK (Вялікабрытанія).

т. 10, с. 379

МІ́НА-ХАСА́Н-ТА́НІ,

горад у Марока, гл. Кенітра.

т. 10, с. 379

МІНГРЭ́ЛІЯ,

гістарычная вобласць у Зах. Грузіі, гл. Мегрэлія.

т. 10, с. 379

МІНДА́ЛІНЫ,

вялікая колькасць лімфоіднай тканкі ў слізістай абалонцы верхніх дыхальных шляхоў і пачатковых аддзелах страўнікавага тракту наземных пазваночных жывёл і чалавека; органы лімфоіднай сістэмы. У млекакормячых жывёл і чалавека М. кальцом абкружаюць уваход у глотку, уключаюць М. парныя паднябенныя (паміж паднябеннымі дужкамі), трубныя (паміж адтулінамі еўстахіевых труб і мяккім паднябеннем), няпарныя языковую (каля кораня языка), глотачную (пасярэдзіне задняй ч. верхняй сценкі глоткі). Выконваюць ахоўную ролю арганізма ад мікробаў, удзельнічаюць у выпрацоўцы імунітэту. Захворванне М. — востры танзіліт, або ангіна. У многіх птушак і млекакормячых ёсць страваводная М. (у сценцы задняга аддзела стрававода).

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 379

МІНДА́ЛЬ (Amygdalus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Растуць у пустынных месцах, на сухіх камяністых схілах гор. У культуры М. звычайны (A. communis) з 2 ст. да н.э. На Беларусі інтрадукавана 5 відаў, найб. вядомыя М.: Ледэбура (A. ledebouriana), нізкі (A. nana), трохлопасцевы (A. triloba).

Лістападныя кусты і дрэвы выш. 8—10 м з шэрай, бурай або карычневай карой. Лісце чаргаванае, ланцэтнае, пілаватае з залозкамі па краі. Кветкі правільныя, адзіночныя або ў шчытках, белыя, ружовыя. Плод — касцянка з сухім апушаным каляплоднікам. Костачка (міндальны арэх) з цвёрдай тоўстай абалонкай. Семя мае да 50% алею, салодкае выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці і медыцыне, з горкага атрымліваюць эфірны алей для парфумерыі. Харч., эфіраалейныя, меданосныя, тэхн., дэкар. расліны.

Міндаль звычайны.

т. 10, с. 379

МІНДО́РА (Mindoro),

востраў у сярэдняй ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 9,8 тыс. км2. Нас. 700 тыс. ж. (1995). Пераважаюць горы (выш. да 2585 м), каля берагоў — узгорыстыя раўніны. Вільготныя трапічныя і мусонныя лясы. Вырошчванне какосавай пальмы, рысу, цукр. трыснягу; рыбалоўства. Асн. гарады: Калапан, Мамбурао.

т. 10, с. 380

МІНДО́ЎГ (Мендог; 11957—1263),

заснавальнік і першы вял. князь Вялікага княства Літоўскага. Упершыню ўпамінаецца ў 1219 разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор з Уладзіміра-Валынскім княствам. Да сярэдзіны 1230-х г. М. дасягнуў аднаасобнай улады ў Літве або значнай яе частцы. Ў 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам. Далучыў да сваіх уладанняў Новагародскую (Навагрудскую) зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. ў праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1249 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 або пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1252 (паводле інш. звестак 1253) каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую прыслаў рымскі папа Інакенцій IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак (на ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў сваю дачку замуж за Шварна, другога сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў арганізаваны паход мангола-татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Навагрудскай зямлёй. У 1261 ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.

В.Л.Насевіч.

Міндоўг.

т. 10, с. 380