МІНДА́ЛЬ (Amygdalus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Растуць у пустынных месцах, на сухіх камяністых схілах гор. У культуры М. звычайны (A. communis) з 2 ст. да н.э. На Беларусі інтрадукавана 5 відаў, найб. вядомыя М.: Ледэбура (A. ledebouriana), нізкі (A. nana), трохлопасцевы (A. triloba).

Лістападныя кусты і дрэвы выш. 8—10 м з шэрай, бурай або карычневай карой. Лісце чаргаванае, ланцэтнае, пілаватае з залозкамі па краі. Кветкі правільныя, адзіночныя або ў шчытках, белыя, ружовыя. Плод — касцянка з сухім апушаным каляплоднікам. Костачка (міндальны арэх) з цвёрдай тоўстай абалонкай. Семя мае да 50% алею, салодкае выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці і медыцыне, з горкага атрымліваюць эфірны алей для парфумерыі. Харч., эфіраалейныя, меданосныя, тэхн., дэкар. расліны.

Міндаль звычайны.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)