Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЭМ

(Brehm) Альфрэд Эдмунд (2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),

нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.

т. 3, с. 282

БРЭ́МЕН

(Bremen),

зямля (адм. адзінка) на Пн ФРГ. Складаецца з гарадоў Брэмен (адм. ц., пл. 326,7 км²) і Брэмергафен (пл. 77,5 км²), агульная пл. 404 км², нас. 683,1 тыс. чал. (1994). Абкружаны тэрыторыяй зямлі Ніжняя Саксонія, з якой адміністрацыйна вылучаны ў 1949. Рэльеф раўнінны. Клімат марскі. Разнастайная прам-сць цесна звязана з партовай гаспадаркай абодвух гарадоў.

т. 3, с. 283

БРЭ́МЕН

(Bremen),

горад на Пн ФРГ. Адм. ц. і асн ч. зямлі (адм. адзінкі) Брэмен. 551,6 тыс. ж. (1994). Буйны марскі порт на р. Везер за 130 км ад яе ўпадзення ў Паўн. м. Імпарт бавоўны, шэрсці, джуту, тытуню, кавы, збожжа, садавіны, лесаматэрыялаў, нафты, руд, экспарт прамысл. вырабаў, коксу, калійных солей. Чорная металургія, судна- і авіябудаванне, суднарамонт, нафтаперапрацоўка; эл.-тэхн. і радыёэлектронная, аэракасм., хім., тэкст., дрэваапр., харчасмакавая (перапрацоўка кавы, тытуню, збожжа, чаю, піваварэнне) прам-сць. Ун-т. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 11—17 ст., у т. л. кафедральны сабор 11—13 ст., ратуша 1405—10.

У 787 утворана біскупства Брэемн (з 845 архібіскупства Гамбург-Брэмен). У 1186 Брэмен атрымаў ад герм. караля Фрыдрыха І Барбаросы гар. правы. З 1358 чл. Ганзы, з 1646 вольны імперскі горад. У 1815—1933 вольны горад. У 2-ю сусв. вайну база ВМФ фаш. Германіі, разбураны. З 1949 цэнтр аднайм. зямлі ФРГ.

т. 3, с. 283

БРЭ́МЕРГАФЕН

(Bremerhaven),

горад на Пн ФРГ, у зямлі Брэмен. Горад з 1851. 131,5 тыс. ж. (1994). Аванпорт г. Брэмен пры ўпадзенні р. Везер у Паўн. м. Адзін з гал. пасажырскіх і рыбалоўных партоў краіны. Увоз жал. руды, кантэйнерны тэрмінал. Суднабудаванне і суднарамонт, эл.-тэхн., хім. прам-сць. Рыбаперапрацоўка. Марскі арсенал. Музеі.

т. 3, с. 283

БРЭ́МСБЕРГ

(ням. Bremsberg),

1) падземная нахіленая горная выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску грузаў з гарызонту, які ляжыць вышэй, на той, што ляжыць ніжэй, пры дапамозе мех. прыстасаванняў (найчасцей канвеерных установак).

2) Прыстасаванне (пераважна шкіў з канатам і 2 ваганеткамі) для спуску грузаў па нахіленай плоскасці пры лясных, буд. і інш. работах.

т. 3, с. 283

БРЭН Келясцін Іванавіч

(каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),

бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.

Літ.:

Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.

М.С.Лобач.

т. 3, с. 283

БРЭ́НА Вікенцій Францавіч

(1745, г. Фларэнцыя, Італія — 17.5.1820),

мастак-дэкаратар і архітэктар. Італьянец па паходжанні, працаваў у Польшчы (1780—83) і Расіі (1783—1802). У 1790-я г. надбудоўваў галерэі і афармляў інтэр’еры палаца ў Паўлаўску, часткова перабудоўваў палацы ў Гатчыне і Пецярбургу (Каменнавостраўскі палац), па-новаму апрацаваў іх інтэр’еры. Лепшы яго твор — Румянцаўскі абеліск на Марсавым полі (1798—99; цяпер каля будынка АМ у С.-Пецярбургу). У 1797—1800 па праекце В.Бажэнава будаваў Міхайлаўскі (інжынерны) замак у Пецярбургу.

т. 3, с. 283

БРЭ́НГВІН,

Брэнгуін (Brangwyn) Фрэнк (13.5.1867, г. Бруге, Бельгія — 11.6.1956), англійскі графік і жывапісец. Вучыўся ў Маст. школе паўд. Кенсінгтана. У 1882—84 працаваў у майстэрні У.Морыса. У карцінах «Пахаванне на моры» (1904), манум. пано «Сучасны гандаль» (1906), афортах вял. фармату «Пільшчыкі на верфі» (1904), «Пабудова карабля» (1912), «Таўэрскі мост» (1913) нібыта ўзнаўляў напружаную дынаміку жыцця сучаснага яму прамысл. горада, суровую прыгажосць і рамантыку працы. Смелую рэаліст. абагульненасць і драм. выразнасць вобразаў ён спалучаў з дэкаратыўнасцю кампазіцыі. Антываен. пратэстам прасякнуты яго літаграфіі і плакаты, прысвечаныя 1-й сусв. вайне 1914—18.

т. 3, с. 283

БРЭ́НДА

(Brenda),

буйное медна-малібдэнавае радовішча ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія). Адкрыта ў 1947, эксплуатуецца з 1969. Запасы руды больш за 128 млн. т з колькасцю медзі 0,14%, малібдэну 0,03%. Вытв-сць малібдэнавага канцэнтрату. Экспарт у краіны Еўропы, Паўд. Амерыкі, Японіі.

т. 3, с. 283

БРЭ́НДАЛЬ

(Brøndal) Віга (13.10.1887, Капенгаген — 14.12.1942),

дацкі мовазнавец. Праф. Капенгагенскага ун-та. Вывучаў з’явы субстрату ў раманскіх і германскіх мовах. Дастасоўваў да вывучэння моўных з’яў лагічныя катэгорыі. Разам з Л.Ельмслевым у 1931 заснаваў Капенгагенскі лінгвістычны гурток (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка), які стаў цэнтрам дацкага лінгвістычнага структуралізму — гласематыкі.

А.Я.Супрун.

т. 3, с. 284