Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЭ́ЖГА Баляслаў Рычардавіч

(31.3.1887, Рэжыцкі пав. Віцебскай губ., цяпер Латвія — 30.9.1957),

бел. і латышскі археолаг, гісторык, археограф, філолаг. Д-р гісторыі (1933). Скончыў Віцебскую гімназію (1910), Маскоўскі археал. ін-т (1916). З 1918 заг. Віцебскага аддз. гэтага ін-та, з 1992 у Віцебскім губ. архіве, з 1925 у Латвіі. Даследаваў гіст. сувязі беларусаў і латышоў, гісторыю паўстання 1863—64 на тэр. Віцебшчыны, вывучаў Полацкія летапісы («Адносіны палачан і латышоў у VIII—XVIII стст.», 1926; «Замкі Віцебшчыны», 1933; «Нарысы па гісторыі сялянскіх рухаў у Латгаліі 1577—1907», 1956), складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі, збіраў матэрыял для параўнальнага аналізу бел. мовы і латгальскага дыялекту, у Латв. ун-це вёў курс стараж. бел. пісьменства.

т. 3, с. 281

БРЭ́ЖНЕЎ Дзмітрый Данілавіч

(7.11.1905, в. Пісклава Курскай вобл., Расія — 4.4.1982),

савецкі селекцыянер і генетык. Акад. УАСГНІЛ (1956), Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі с.-г. ін-т (1933). У 1937—41 і 1949—79 у НДІ раслінаводства ў Ленінградзе (з 1965 дырэктар). Навук. Працы па біялогіі агароднінных культур, прапанаваў арыгінальныя метады селекцыі на імунітэт. Пад кіраўніцтвам Брэжнева распрацавана сістэма насенняводства цяплічных сартоў агароднінных раслін. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Овощеводство в США М., 1961;

Томаты. 2 изд. Л., 1964;

Овощеводство в субтропиках и тропиках. М., 1977 (разам з П.Ф.Кананковым);

Дикие сородичи культурных растений флоры СССР. Л., 1981 (разам з В.М.Каровінай).

т. 3, с. 281

БРЭ́ЖНЕЎ Леанід Ільіч

(19.12.1906, г. Днепрадзяржынск, Украіна — 10.11.1982),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1961), 4 разы Герой Сав. Саюза (1966, 1976, 1978, 1981). Маршал Сав. Саюза (1976). Скончыў Днепрадзяржынскі металургічны ін-т (1935). Працаваў інжынерам, сакратаром Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. У Вял. Айч. вайну ў паліторганах Паўд. і 4-га Укр. франтоў. З 1946 на кіруючых пасадах у Запарожскім, Днепрапятроўскім абкомах КП(б)У, ЦК КП Малдавіі, Гал. палітупраўленні Сав. Арміі і ВМФ, ЦК КП Казахстана. З 1956 сакратар ЦК КПСС. У 1960—64 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1964 1-ы сакратар (з 1966 Ген. сакратар) ЦК КПСС, адначасова з чэрв. 1977 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР і Старшыня Савета абароны СССР. У гады знаходжання Брэжнева на вышэйшых кіруючых пасадах пачалася палітыка разрадкі, СССР удзельнічаў у т.зв. хельсінскім працэсе, былі заключаны сав.-амер. пагадненні па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Разам з тым у краіне нарасталі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, сац. і духоўнай сферах жыцця. Пры Брэжнева былі ўведзены сав. войскі ў Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979), узмацнілася паліт. цэнзура, праследаванне іншадумства і інш.

т. 3, с. 281

БРЭ́ЗАН

(Brĕzan) Юрый (н. 9.6.1916, Рэкельвіц, Германія),

сербалужыцкі і нямецкі пісьменнік. Чл. АМ ГДР. Піша на сербалужыцкай і ням. мовах. Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў вершаў «Да новага часу» (1950), «Свет будзе прыгажэйшы» (1952), «Наш дзень звычайны» (1955), «Пасма лета» (1958), зб-каў апавяд. «Першая баразна» (1951), «Старая Янчова» (1952), аповесці «Мая жонка Магдалена» (1949), п’ес «Пачаткі» (1955), «Марыя Янчова» (1960), кн. нарысаў «Па вуліцы і на вуліцу» (1955). Найб. вядомыя творы — аўтабіягр. трылогія «Фелікс Гануш — пакаленне горкага досведу» (1958—64); раманы гіст. «52 тыдні складаюць год» (1953), міфалагічны «Крабат, ці Пераўтварэнне свету» (1976), філас. «Партрэт бацькі» (1982). Нац. прэмія ГДР 1951, 1964. На бел. мову яго творы перакладалі Н.Гілевіч, А.Зарыцкі, А.Траяноўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Крыста. Мн., 1966;

[Вершы] // Там, дзе Шпрэвя шуміць. Мн., 1969;

Чорны млын: Аповесць-казка. Мн., 1984;

рус. пер. — История одной любви. М., 1969.

І.А.Чарота.

т. 3, с. 282

БРЭІ́ЛА

(Brăila),

горад на ПдУ Румыніі. Адм. ц. жудэца Брэіла. 234,7 тыс. ж. (1992). Порт на Дунаі (прымае і марскія судны), вузел чыгунак і аўтадарог. Сталепракатны з-д, цяжкае машынабудаванне (судны, буд. і дарожныя машыны). Харч. (вінаробчая, мукамольная, спіртагарэлачная), швейная, цэм., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая (выкарыстоўвае чарот дэльты Дуная), хім. (вытв-сць штучных валокнаў) прам-сць. Музей. Царква (17 ст., раней была мячэць).

т. 3, с. 282

БРЭЙ

(Bray) Джон Фрэнсіс (1809, Вашынгтон — 1895),

англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст, паслядоўнік Р.Оўэна. Аўтар публікацыі «Несправядлівасці ў адносінах да працы і сродкі да іх устаранення» (1839), у якой гал. ўвага сканцэнтравана на сац.-эканам. пераўтварэнні бурж. грамадства. Лічыў, што ліквідаваць прыватную ўласнасць і заснаваную на ёй сістэму наёмнай працы можна шляхам перабудовы таварна-грашовых адносін (стварэнне сістэмы прац. грошай), на аснове дакладнай эквівалентнасці абмену і выцяснення капіталіст. формаў гаспадаркі т.зв. рабочымі акц. т-вамі. Ідэі Брэя пакладзены П.Ж.Прудонам у аснову яго канцэпцыі сацыялізму.

т. 3, с. 282

БРЭ́ЙГЕЛЬ

(дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569),

нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).

Літ.:

Гершензон-Чегодаева Н.М. Брейгель. М., 1983.

А.В.Кашкурэвіч.

т. 3, с. 282

БРЭ́ЙДА-ФІЁРД

(Breiðafjörður),

заліў Атлантычнага ак. каля берагоў Ісландыі. Даўж. 124 км, шыр. 72 км, глыб. 50—100 м. Парты — Сандур і Стыкісхоўльмур.

т. 3, с. 282

БРЭКВА́ТЭР

(англ. breakwater),

устарэлая назва хвалялома.

т. 3, с. 282

БРЭ́КЧЫЯ

(італьян. breccia),

сцэментаваная абломкавая горная парода, складзеная з вуглаватых абломкаў розных парод (памерам 1 см і больш). Брэкчыі адрозніваюць па генезісе (асадкавыя, вулканічныя, тэктанічныя, апоўзневыя і інш.) і памерах (глыбавыя — больш за 100 см, буйна-, сярэдне- і дробнаабломкавыя — 100—10 см і інш.).

т. 3, с. 282