Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЙКО́ Андрэй Самуілавіч

(21.1.1920, в. Карасай Арэнбургскай вобл., Расія — 26.12.1943),

удзельнік вызв. баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Камандзір стралк. ўзвода лейт. Гайко вызначыўся ў баі каля в. Задзвінне Віцебскага р-на: з групай байцоў адбіў 10 контратак ворага; калі застаўся адзін, 2 процітанкавымі гранатамі падарваў гітлераўцаў і загінуў сам.

т. 4, с. 439

ГАЙКО́ЎКА,

паселішча позняга мезаліту (5-е тыс. да н.э.) каля в. Гайкоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. У навук. л-ры вядома пад назвай Печанеж (балота). Знойдзена больш за 2000 прадметаў крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл, канцавыя, паўкруглыя і двайныя скрабкі, разцы, авальныя сякеры і цёслы, праколкі і інш. Апрацоўка крэменю рабілася непасрэдна на паселішчы.

т. 4, с. 439

ГАЙМАРЫ́Т,

верхнясківічны сінусіт, запаленне слізістай абалонкі і сценак верхнясківічнай (гаймаравай) пазухі. Адрозніваюць гаймарыт рынагенны і адантагенны, востры і хранічны, адна- і двухбаковы. Востры рынагенны гаймарыт бывае пасля грыпу, рэспіраторных захворванняў і вірусных інфекцый, можа пераходзіць у хранічны (пры пераахаладжэнні на фоне зніжанай рэактыўнасці арганізма, скрыўленых насавых перагародках, гіпертрафіі насавых ракавін). Пры адантагенным гаймарыце ў запаленчы працэс уцягваецца ніжняя сценка гаймаравай пазухі. Клінічныя праяўленні вострага рынагеннага гаймарыту — боль у месцы лакалізацыі гаймарыту, галаўны боль, закладзенасць носа, серозна-гнойныя выдзяленні з яго, часам святлабоязь, ірадыяцыя болю на верхнюю сківіцу, зубы, корань носа, слёзацячэнне. Адзначаюцца павышэнне т-ры цела, слабасць, галаўныя болі. Пры хранічным гаймарыце звычайны насмарк з гнойнымі ці серозна-гнойнымі выдзяленнямі, галаўныя болі пры абвастрэннях. Лячэнне: медыкаментознае, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

А.С.Арцюшкевіч.

т. 4, с. 439

ГА́ЙНА,

рака ў Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1670 км². Пачынаецца з крыніц на З ад в. Гайна Лагойскага р-на, працякае ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах. Асн. прытокі: Усяжа (справа) і Цна (злева). У вярхоўі цячэ па Мінскім узв., у ніжнім цячэнні — па Верхнебярэзінскай нізіне.

Даліна трапецападобная, ніжэй упадзення Цны невыразная, шыр. 800 м — 1,2 км у верхнім цячэнні, да 2,5—3 км у ніжнім. Пойма да в. Свідна Лагойскага р-на адсутнічае, на астатнім працягу двухбаковая. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае на 9 км, на астатнім працягу звілістае. Берагі стромкія, часта абрывістыя, выш. 1—4 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Суднаходства за 30 км ад вусця ў высокую ваду. На рацэ г.п. Лагойск, плаціна і невял. вадасховішча (у межах Лагойска). На вадазборы Гайны зоны адпачынку Гайна і Лагойшчына.

т. 4, с. 439

ГА́ЙНА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Гайна, на аўтадарозе Лагойск—Ілья. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 50 км ад Мінска, 41 км ад чыг. ст. Смалявічы. 710 ж., 302 двары (1996). Малое швейнае прадпрыемства «Гайна», хлебапякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца гісторыкам 15 ст. Я.Длугашам. Пасля 1397, верагодна, кн. Вітаўтам у Гайне (Айне) сярод першых на тэр. ВКЛ заснаваны касцёл. Уваходзіла ў Лагойскае княства. З 1512 дзярж. маёнтак у Віленскім ваяв., пасля 1566 дзярж. мястэчка, цэнтр староства ў Мінскім пав. У 1788 пабудаваны новы касцёл (у 1865 ператвораны ў царкву). З 1793 у Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1796 у Барысаўскім пав. Пасля 1861 цэнтр Гайна-Слабодскай вол. У 1886 — 420 ж., 57 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Лагойскага р-на. У 1970 — 915 ж., 256 двароў.

т. 4, с. 439

ГА́ЙНАЕ,

угайнае, грашовы падатак сялян на Беларусі ў 16 — пач. 19 ст. за права карыстання ляснымі ўгоддзямі зямельных уласнікаў. Налічваўся залежна ад памераў сял. надзелу.

т. 4, с. 440

ГА́ЙНАЎКА

(Hajnówka),

горад у Польшчы, у Беластоцкім ваяв., каля зах. ускраіны Белавежскай пушчы. Вядома з 18 ст., горад з 1951. 21 тыс. ж. (1993), палякі і беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр дрэваапр. і мэблевай прам-сці. Вытв-сць каніфолі, шкіпінару і інш. рэчываў. Машынабудаванне (ма-шыны для дрэваапрацоўкі). Адзін з цэнтраў бел. культуры ў Польшчы. Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.

т. 4, с. 440

ГА́ЙНАЎСКІ МУЗЕ́Й ПО́МНІКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1984 у г. Гайнаўка (Польшча) па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Буд-ва пачата ў 1986 на ахвяраванні мясц. насельніцтва, бел. эміграцыі, датацый дзярж. і грамадскіх устаноў Беларусі і Польшчы. Першая экспазіцыя адкрыта 27.10.1990 (300 экспанатаў). Музейны комплекс (агульная пл. 2700 м², 3 будынкі) мае 6 экспазіцыйных залаў. Аснову экспанатаў музея складаюць с.-г. прылады працы, творы нар. мастацтва і культ. здабыткі беларусаў у Польшчы. Мае кіназалу, б-ку, кафэ-бар, атэль.

В.Луба.

т. 4, с. 440

ГА́ЙНА-БРО́ДНЯ,

балота ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. (у вадазборы р. Гайна і яе прытока Усяжа). Нізіннага (92%) і пераходнага тыпаў. Пл. 5,5 тыс. га, у т. л. ў Смалявіцкім р-не 3,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,3 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,8 м. У Смалявіцкім р-не асушаную ч. балота выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. У Лагойскім р-не не асушана, занята драбналессем, хмызняком, часткова сенажаццю.

т. 4, с. 439

ГА́ЙНІК

(Epipactis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

т. 4, с. 440