ГА́ЙНА,

рака ў Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1670 км². Пачынаецца з крыніц на З ад в. Гайна Лагойскага р-на, працякае ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах. Асн. прытокі: Усяжа (справа) і Цна (злева). У вярхоўі цячэ па Мінскім узв., у ніжнім цячэнні — па Верхнебярэзінскай нізіне.

Даліна трапецападобная, ніжэй упадзення Цны невыразная, шыр. 800 м — 1,2 км у верхнім цячэнні, да 2,5—3 км у ніжнім. Пойма да в. Свідна Лагойскага р-на адсутнічае, на астатнім працягу двухбаковая. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае на 9 км, на астатнім працягу звілістае. Берагі стромкія, часта абрывістыя, выш. 1—4 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Суднаходства за 30 км ад вусця ў высокую ваду. На рацэ г.п. Лагойск, плаціна і невял. вадасховішча (у межах Лагойска). На вадазборы Гайны зоны адпачынку Гайна і Лагойшчына.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)