ГАЙМАРЫ́Т,
верхнясківічны сінусіт, запаленне слізістай абалонкі і сценак верхнясківічнай (гаймаравай) пазухі. Адрозніваюць гаймарыт рынагенны і адантагенны, востры і хранічны, адна- і двухбаковы. Востры рынагенны гаймарыт бывае пасля грыпу, рэспіраторных захворванняў і вірусных інфекцый, можа пераходзіць у хранічны (пры пераахаладжэнні на фоне зніжанай рэактыўнасці арганізма, скрыўленых насавых перагародках, гіпертрафіі насавых ракавін). Пры адантагенным гаймарыце ў запаленчы працэс уцягваецца ніжняя сценка гаймаравай пазухі. Клінічныя праяўленні вострага рынагеннага гаймарыту — боль у месцы лакалізацыі гаймарыту, галаўны боль, закладзенасць носа, серозна-гнойныя выдзяленні з яго, часам святлабоязь, ірадыяцыя болю на верхнюю сківіцу, зубы, корань носа, слёзацячэнне. Адзначаюцца павышэнне т-ры цела, слабасць, галаўныя болі. Пры хранічным гаймарыце звычайны насмарк з гнойнымі ці серозна-гнойнымі выдзяленнямі, галаўныя болі пры абвастрэннях. Лячэнне: медыкаментознае, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
А.С.Арцюшкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)